Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ажаніцца… Гэй, Аксана! Ня раз я, як здурэлы, ляцеў у лес і лобам біўся аб дрэва, каб гэтак заглушыць боль сэрца свайго… Гэй, ніхто гэтага ня ведаў, як я ўжо ня раз хапаў стрэльбу з пляча і з-за куста цэліўся ў галаву панаву. Гэй, Аксана! Ніхто гэтага ня бачыў ды ня ведаў, колькі я ночак бяссонных валяўся на сваім берлагу, кусаючы рукі ад сардэчнага болю, скрыгочучы зубамі, моў шалёны сабака, ды долю сваю праклінаючы… Гэй, Аксана!.. Вось цяпер толькі мне на душы палягчэла, як я нашага ворага паклаў стрэльбаю ў сырую зямлю.

Аксана (кладзе яму рукі на плечы). Бедны ты, саколік мой! Бедны ты, мой любы Апанас!

Апанас. Адна ты ў мяне, Аксана, галубка, адна ты ў мяне на ўсенькім сьвеце!.. Мо‘ я скора ўжо згіну, прападу, але за ўсе мае мукі нагародай будзе сёньнешняя ноч… з табой, Аксана, галубка, ядыная мая!

Аксана (з любоўю). Апанас!..

Апанас. Хадзем, Аксана! Панскія даяжджачыя, а з імі Раман ды дзед ня хутка вернуцца… Мы маем усю ноч… Ноч радасьці — каханьня!.. Першую і апошнюю нашу ноч… Нам грымот буры шлюб даваў, ламанае ад ветру гальлё сваім трэскам пяяла нам вясельную песьню, а сьлёзы дожджу напаўнялі вясельныя чары. Сёньня наш шлюб, Аксана, і сёньня наша першая ноч. А заўтра ледзь золак — у сьвет шырокі, у глухі лес-бор, дзе сухі мох будзе маім пашлюбным ложам, а стрэльба — вернаю жонкай маёй… Хадзем, Аксана!

Аксана (бязвольна). Апанас… (ідуць у бакоўку налева).

ЗЬЯВА 6-я.

Дзіця (адно будзіцца). Мамка! Мамачка! (Плача). Мне страшна. Мама! (Бура стогне). Ой, мамка! Лес шуміць, я баюся… (Ціха плача, седзячы на ложку).

ЗЬЯВА 7-я.
ДЗІЦЯ і ДЗЕД (уваходзіць мокры ад дожджу).

Дзед. Вось як… эгэ… цемра, дождж… заблудзілі… У лесе труп пана… даяжджачыя знайшлі… Вось як… эгэ… няшчасьце будзе. Я так і думаў, так і ведаў…

Дзіця (пабачыўшы дзеда). Дзеду, вы ўжо прышлі?

Дзед. А прышоў, каток, вярнуўся… З панскімі даяжджачымі ў лесе заблудзіў і вярнуўся — эгэ… а ты сьпі.

Дзіця. Дзеду! Мне прысьніўся страшны сон: лясун зусім такі як ты казаў: валасы, як сухая амяла, нос, як вялізны сук, схапіў мяне і цягнуў у лясны гушчар. Я пачаў крычаць ды прачнуўся.

Дзед. Ну, а цяпер сьпі! Уночы трэба спаць. Усе ўночы сьпяць — і птушка і нават травіца, толькі злыя людзі ня сьпяць. Дык ты сьпі!