Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзіця. Дзеду! Калі я не магу… Мне боязна… Лес шуміць.

Дзед. Заўсёды як бура, дык і лес шуміць. Хай шуміць. На тое ён лес, каб шумеў.

Дзіця (прыслухоўваючыся). Чуеце, дзеду, у бакоўцы шорхат!?. Чуеце?

Дзед. Гальлё за вакном шарахціць… Не палохайся, сьпі…

Дзіця (кладзецца і маўчыць).

Дзед (да сябе). Ах, божа, божа! Грахі… Грахі… Па траве сочыцца сьвежая чалавечая кроў… Дожджык лье, кроў змывае… Эх-хэ! Зашумеў лес, загудзеў, ажно дужыя дрэвы трашчаць… ('Распранаецца і ўзлазіць на печ, мармочучы пацеры). Айчэ наш, каторы ёсьць на небе, хай сьвяціцца імя тваё, хай будзе воля твая…

Дзіця. Дзеду! А куды мама падзелася?

Дзед. Ня ведаю, хлопча, ня ведаю! Недзе падзелася… Мамка вернецца, а ты сьпі… Хай будзе воля твая, як на небе, так і на зямлі…

Дзіця (ізноў кладзецца. Пауза. Пачынае ціха плакаць-хліпаць).

Дзед. Чаго-ж ты ізноў? Ціха, ня плач…

Дзіця. Я баюся! Дзе мама?

Дзед. Ну, вось яшчэ чаго! Такі вялікі хлапчуга, а плача, як дзіця. Ня плач, бо прыдзе вось лясун і пацягне ў лес. А ў лесе, вось дзе страх! Дрэвы трашчаць, грымоты грымяць, лье дождж, сьцюжа, бліскаюць маланкі і асьвятляюць на траве кроў…

Дзіця (раптам). Дзеду! Чыю кроў? Панскую?

Дзед. Вось дурны! Скуль-жа панскую? Паляўнічыя ў лесе палююць, птушак ды розных зьвяроў страляюць — вось і кроў. (Чутно стук у дзьверы).

Дзіця. Дзеду! Дзеду! Чуеце? Нехта стукае. О, гэта, мусіць, прышоў лясун! Дзеду, я баюся!

Голас (за сцэнай). Адчыняй! Пусьці!

Дзед (ідзе да дзьвярэй).

Дзіця (спалохаўшыся). Дзеду! Не адчыняйце, не адчыняйце! Я баюся!..

ЗЬЯВА 8-я.
ТЫЯ-Ж і АПАНАС з АКСАНАЙ.

Аксана (вышаўшы з бакоўкі). Што тамака? Хто гэта?

Дзед. Панскія людзі прышлі… (Хоча адчыніць дзьверы).

Апанас (хапае стрэльбу; відаць, што ён танна сваю галаву не аддасьць).

Заслона.