Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзіця (злажыўшы рукі паўтарае). Айчэ наш, каторы ёсьць у небе… сьвяціся імя тваё, будзь воля твая…

Пан (кліча за сцэнай). Аксана! Аксана!..

Аксана. Іду, панок, іду! (Выходзіць).

Дзіця. Мамка! Вы скора прыходзьце!..

ЗЬЯВА 2-я.
ДЗІЦЯ і РАМАН з АПАНАСАМ (уваходзяць).

Апанас. Даяжджачыя ўжо пайшлі з дзедам на балота. Трэба хутка ўсё канчаць, каб ты другой дарогай пасьпеў на балота раней за панскіх даяжджачых. Тады ўсяк будзе ведаць, што ты на балоце быў і ніхто ні ў чым вінаваціць цябе не пасьмее… Але дзе-ж ён?

Раман (паказвае на бакоўку). Ён там… сьпіць… (глядзіць праз шчэліну). О, пракляты! (Бяжыць у камору, за ім Апанас, за сцэнай чутна тузаніна. Першай выбягае з распушчанымі валасамі Аксана, неўзабаве за ёй Апанас з Раманам цягнуць пана).

ЗЬЯВА 3-я.
РАМАН, АПАНАС, ПАН, АКСАНА, ДЗІЦЯ.

Раман (крэпка трымаючы пана за рукі). Аксана! Вяроўкі!..

Аксана (дае вяроўкі).

Пан (хочучы вырвацца). Ой, пусьці, Раман! Гэтак ты маё дабро помніш?

Раман (вяжучы з Апанасам пана). Помню я, варожы пане, тваё дабро і да мяне і да мае жонкі. Вось-жа я табе цяпер за дабро заплачу…

Пан. Заступіся Апанас, мой верны слуга! То-ж я любіў цябе, як роднага сына!

Апанас. Любіў ты мяне так, як палка любіць плечы, а цяпер так любіш, як плечы палку.

Пан (да Аксаны). Заступіся ты, Аксана, у цябе сэрца добрае!

Аксана (пляснуўшы рукамі). То-ж я цябе, пане, прасіла, пад нагамі качалася, пашкадуй маю красу, не пагань мяне. А ты-ж не пашкадаваў мяне, а цяпер сам просіш!

Пан. Пусьцеце! За мяне вы ўсе пагінеце з катавай рукі…

Апанас. Не бядуй аб нас, пане! Раман будзе на балоце раней за тваіх даяжджачых, а я па тваёй міласьці адзін на сьвеце, мне пра сваю галаву думаць нядоўга. Закіну стрэльбу за плечы ды пайду сабе ў лес… Не бядуй!.. Гэй, падымай, Ромусь, пана, вынесем яго міласьць на дожджык…

Пан. Пусьцеце, хамы, бо здохнеце пад канчукамі!

Раман. Не дачакаешся!

Апанас. Ты раней здохнеш, дык гэтага не пабачыш. (Выходзяць).