Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пан. Аксана! Хадзі сюды, бліжэй!

Аксана (ціха, баязьліва падыходзіць. Пан абыймае яе).

Пан. Чаго-ж ты так спалохалася? Быццам першы раз… Ужо-ж не пяршыня… Ну, пацалуй мяне, Аксаначка!

Аксана (падае на калені). Паночку! Пашкадуй мяне! Не пагань мяне, жонку мужаву. Зьлітуйся нада мной!.. О, бедная-ж мая галованька!..

Пан. Вось, дурная! Пачала галасіць. Ціха! Хадзі! Гарэлкі хочаш? Гарэлкі дам, тады плакаць ня будзеш, вясёлай станеш… Хадзі! (Цяне яе ў камору).

Аксана. Ой, ліханька мне! Што-ж я цяпер зраблю? (Выходзяць).

(Заслона).


АКТ II.

У хаце Рамана. За вакном вые бура.

ЗЬЯВА 1-я.
Дзіця, пасьля АКСАНА, пасьля ПАН (за сцэнай).

Дзіця (будзіцца і крычыць). Мама! Мамка, дзе вы? Я баюся!

Аксана (выходзіць з бакоўкі). Ціха Чаго ты? Ня крычы…

Дзіця. Чаму мамкі тут ня было? Я баюся адзін спаць…

Аксана. Ня бойся…

Дзіця (падыходзіць да Аксаны, ціха). Мамка, ці тамака ў нас пан начуе?

Аксана (уздыхаючы). Але…

Дзіця (пасьля паузы). Ці наш пан добры, мамка?

Аксана. Ня дуры галавы… Усе паны аднолькавыя, усе яны добрыя.

Дзіця. А я яго баюся.

Аксана. Пана, дзетка, трэба баяцца, на тое-ж ён і пан. (Сьлёзы на вачох).

Дзіця. Чаму, як пан прыедзе, вы, мамка, заўсёды плачаце? Ці пан нас крыўдзіць?

Аксана. Адчапіся! Пара табе ўжо спаць. Лепш гавары пацеры, бо, мусіць, яшчэ не маліўся.

Дзіця. Калі я сам не магу, мамка, зьбіваюся. Вы памажэце!

Аксана. Ну, добра, будзем разам гаварыць пацеры. Укленч… Вось гэтак… Цяпер перажагнайся: у імя айца… і сына… і сьвятога духа — аман…

Дзіця (жагнаецца і паўтарае за ёю). У імя айца… і сына… і сьвятога духа — аман…

Аксана. Айчэ наш, каторы ёсьць у небе… сьвяціся імя тваё, будзь воля твая… як на небе, так і на зямлі…