Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(Уваходзяць слугі з бочкай, з кошыкам, з бутэлькамі, чаркамі і ежай. Пан сядае на дыване. Да Рамана, з сьмехам вусы пакручваючы). Ну, што, Ромусь, ці добрую я табе жонку высватаў?

Раман. А што-ж? Баба, як баба, нічога.

Пан. А памятаеш, як ты носам круціў, я-ж для цябе шчасьця хацеў. Быў ты адзін, як мядзьведзь у бярлозе, і заехаць да цябе было нявесела… Ажно трэба было табе бізуноў усыпаць, каб ты сказаў: годзе — і ажаніўся. На вясельлі сваім, хаця ня мог сядзець, затое мог добра паскакаці. Ха-ха-ха! (Налівае чарку і дае Раману; той выпівае. Дае другую — тое самае, толькі вочы ў Рамана, як у ваўка загараюцца ды вусам чорным пацягвае). Вось-жа, сын варожы, як здорава гарэлку локча, а сам і вокам ня міргне. Другі даўно ўжо заплакаў-бы, а ён, глядзеце, людзі добрыя, яшчэ ўсьміхаецца!

Раман. А з чаго-ж мне плакаць? Нават можа гэта нядобра было-б! Прыехаў да мяне міласьцівы пан вітаці, а я вось ды й пачаў-бы раўсьці, як баба. Дзякуй богу, няма ад чаго мне яшчэ плакаць, няхай ляпей мае ворагі плачуць!..

Пан. Значыцца, ты рад?

Раман. А чаму-ж я магу быць ня рад?

Пан. А помніш, як мы цябе бізунамі сваталі?

Раман. Як-жа мне ня помніць? Вось-жа я й кажу, што неразумны чалавек быў, ня ведаў, што горка, што соладка. Бізун горкі, а яго ляпей, як бабу, любіў. Вось дзякуй вам, міласьцівы пане, што навучылі мяне, дурня, мёд есьці!

Пан. Добра, добра! Затое й ты мне зрабі ласку: вось пойдзеш з даяжджачымі на балота, настраляй чым болей птушак ды абавязкова глухога цецярука дастань.

Раман. А калі-ж гэта, пан, нас на балота пасылае?

Пан. Ды вось вып‘ем яшчэ, Апанас нам песьню пасьпявае ды й з богам.

Раман. Вось ужо гэта й трудна: час ня раньні, дый балота далёка, а да таго-ж яшчэ й вецер па лесе шуміць, нанач будзе бура. Як-жа-ж цяпер гэткую асьцярожную птушку забіць?

I Слуга. Раманава праўда…

II Слуга. Хутка загудзе бура…

Пан (стукнуўшы чаркай, засердаваўшы). Ціха вы, чортавы дзеці!

Апанас. Апамятайся, міласьцівы пане! Дзе-ж гэта відана, каб нанач ды яшчэ ў буру людзей па цёмным лесе за птушкаю ганяць?

Пан. Ой, Апанас, Апанас! Разумны ты хлопец, а таго мусіць ня ведаеш, што між дзьвярэй ня трэба носу сунуць, каб як-небудзь не зашчамілі… Вось лепш песьню нам засьпявай.

Апанас. Дзякую, пане, за навуку; вось-жа я табе за тое пасьпяваю, а ты слухай. (Бярэ бандуру, кратае рукой струны і сьпявае).