Нязграбна, але без памылкі было выведзена:
„Нікодзім Васільлевіч, мужчына 17 год“.
З матчыных рук вылецелі пруткі, яна ахапіла сынка, сьлёзы ўсплылі на вочы, яна горача пацалавала яго ў лоб, а сэрца паслухмяна сьціскалася. Ёй хацелася прачытаць, але яе толькі ўсьцешыў голас сына; літары ёй паказаліся такімі прыгожымі кручочкамі, якія могуць ашчасьлівіць прапаўшага чалавека.
Хаваючы за афішу свой рукапіс, Нікодзім цешыўся з сябе.
Настаўнік яго, політрук Ягораў, параіў яму ўзяць прыклад з дачкі гаспадара, з Сары. Нікодзім абурана адказаў:
— З яе? Яна вучыцца ўжо уга-а, даўно, а дурань-жа!.. Вось, каб узяць цябе і яшчэ такога, дык дурнаты ў яе было-бы больш, як у абодвух вас. Я з ёй і гаварыць ня буду.
Ягораў усьміхнуўся і, паціснуўшы плячо Нікодзіма, сказаў:
— Маладзец! З цябе будзе чалавек.
III
Нікодзім ня быў вясёлы, але адчуваў сябе добра, і нават нейкі ўздым апанаваў яго.
Учора пахаваў сваю маці і пасварыўся з сваякамі.
Нікодзім пахаваў сваю матку па сучаснаму, без папа.
— Добрыя хлопцы чырвонаармейцы! — казаў ён, — бо, каб не яны, ён ня ведаў-бы, што рабіць, а так — дамавіну зьбілі, коняй далі…