II
Як скрынка, роўны, чатырохкантовы, пакой кідаўся ў вочы закапцелай гарбатай печкай. У кутку, якраз насупраць, вісеў хрыстос, увесь у павуціньні і па канту абцягнуты шэрым вышываным ручніком.
Тут-жа вісеў портрэт Ільліча, зроблены на фоне крэмлёўскай сьцяны.
Стол сасновы, але ўжо пачарнеўшы, — стаяў недалёка ад дзьвярэй, з боку, ложак, на якім ляжала хворая маці Нікодзіма.
Уверсе, амаль што ля самай столі — два запыленых акенцы; яны якраз раўняліся з тротуарамі на вуліцы. На сьценах, здаецца, былі абоі, цяпер вылазіць напалову белая, напалову, чырвоная цэгла.
Дзе-ні-дзе расклеены афішы кіно-фільмаў: „Два чорных гроба или окровавленный кинжал“, „Будущее“, „Коварство и любовь“.
Нікодзім любіў хадзіць у кіно. І заўсёды, калі яму спадабаецца якая-небудзь фільма, ён, ідучы дамоў, зьдзіраў рэклямную афішу і вывешваў яе ў сваёй хаце.
Бывала пытаюцца ў яго:
— Дзе-ж ты бярэш грошы на білеты?
Ён, пакасіўшы вочы і прыняўшы як-бы сталы выгляд, памаўчаўшы, падыме галаву і сваім звонкім голасам заіграе:
— Білеты? О-го… Мой дзядька Іван служыць за „дземонстратара“ ў „Гіганце“, ён мяне і праводзіце, — і тут вольна ўсьміхнецца, як--