А далёка, на чужыне, у палацах, увабраных чужым золатам, як кроўю, праходзіў гандаль
расійскага баярына з польскім панам.
Купля і продаж неабдымна-вялікага прастору, дзе лепшай кветкаю —
„расьцьвітае толькі палын“ і дзе можа пышна расьцьвітаць —
роза мазалістага шчасьця.
Гул лясоў і хрыплы голас топкіх балот валам стыхіі даносіўся да палацаў з гордым клічам:
— „Мы не прадаемся!“
А сокалы распалялі агонь…
Шляхам жыцьця яны парадзілі сваім прызывам-песьняю — малады, юнацкі, сьмелы паход за вызваленьне,
за вольнасьць, сьветасьць!
Рабінавай ноччу гудзела паўстаньне і… узбудзіла здабыўшы жыцьцё! Абвіла яго звонкімі песьнямі радасьці.
Родная мова радасна б‘ецца ў сэрца сыноў здабытага жыцьця.
Раздаюцца ўдары молата.
З агністага горну рассыпаюцца залацістыя іскры і, разам з мэлёдыяй працы, абвіваюць вольна ўздыхнуўшыя хаты.
І цяпер чутно водгульле паўстаньня, —
гусьляр успамінае спадчыну.
А неба чыстае…