Цёмныя хмары — людзкая бяда.
Гарачыя кроплі — сьлёзы людзкія.
Курганнае поле…
Імшары крыжоў…
Ня сьціхаў сокал! Яго не заглушылі, голас яго ня зьнік…
Бывала, пройдзе ноч.
На небасхіле ўсплыве раўчак крыві.
Усплёскі заліваюць сінь,
і небасхіл здаецца шырокай рэчкай чырвані, але зноў вецер, зноў заслонай — хмары, шэрае павуціньне расьцяжна ахіляе прастор.
Вылятае сокал!
Вылятаюць сокалы!
Разьбіваюць хмары, абуджаючы пачуцьці вызваленьня,
Зноў загудуць стагоднія лясы…
Зноў забурляць рэкі…
Зноў закалышуцца заўжды спакойныя, на балоце, хмурыя лозы; заплача голасам пакрыўджанай дзяўчыны, на ростані, стромкая хваіна.
Зноў навальніца!
Зноў віхура!..
І ў бурным голасе гэтай віхуры ты мог пачуць,
што: — Аб нашай долі —
На нашай ніве
Песьні жальбы
Іграе гусьляр…