ПА КАМЕНЬЧЫКУ
Завывала поле…
Заросшае дзікім палыном, бязьмежнае
закінутае поле.
Неабдымныя лясы, пахіліўшы свае пацьвіўшыя верхаліны, сіратліва паглядалі ў дол.
Ня вабілі пералівам вечна жывых, вясёлых, жыцьцярадасных птушак: іх ня было.
Час ад часу ўзьвіецца сокал…
Зашчыміць яго сэрца.
Балюча зашчыміць.
Пальцы яго сьціснуцца з помстай, і ён, сабраўшы змучаныя сілы, голасна, перамагаючы боль у грудзёх,
памкнецца крыкнуць, памкнецца павярнуць кола сонечных праменьняў, каб абагрэць закінутае поле, даць вольнасьць і хараство жыцьця.
Але ўздымецца з усходу-захаду сіберны вецер, хіхікаючы ўзрывае слупы хворага пылу і навальніцай рвецца задушыць,
заглушыць голас сокала.
Зігзагамі лётае вецер, разносячы сьвіст бізуна…
… Сьціхае навальніца…
Стогнам гудуць лясы…
З цёмных хмар баязьліва спадаюць буйныя гарачыя кроплі.