Старонка:Сутарэньне (1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жывёліна, здабытая горкай працай селяніна, хрыплым, задушаным ад дыму голасам прасіла дапамогі…

Польскія салдаты з карабінак — па скаціне, каб спыніць яе енкі, каб спыніць яе дзікі, разрываючы сэрца плач.

Узьняўся агонь…

Запалаў Аляксандраўскі вакзал…

Жудасьць абхапіла Менск…

Не пасьпела мінуць поўгадзіны, як мост па Савецкай вуліцы кашлянуў узрывам.

Тут-жа, ля маста, стаяла шавецкая фабрыка „Арол“. Рассыпалася яна цаглінкамі па маставой. Язык вогнішчаў спраўляюць баль крывавы…

Перакінуўся агонь на драўляныя хаты рабочых, запалаў квартал — Бабруйская вуліца.

А зьлева корчыцца ад разгулу вогнішча — лесапільны завод.

Менск у пажары…

Нібы п‘яны, хістаецца дым, абвіваючы гоман няшчасьця.

Тлеюць Кашары…

Віленскі вакзал — разбураны, зруйнованы.

Вясёлая вуліца глуха раскідае трэск народнага. багацьця: фабрыка-хлебапякарня палаючымі іскрамі раскідаецца.

Ламаюць крамы, рабуюць жыхарства… Сьпевы разгулу, горкія сьлёзы…

Гуляе вуліца…