Гэта старонка не была вычытаная
ДВА ЛІПНЁВЫЯ ДНІ
I
У бязладзьдзі, суматосе прашло жыцьцё двух дзён. Каляндар, як звычайна, спакойна казаў:
— Сёньня 10 ліпня.
Не пасьпела яшчэ сонца залязгаць капытамі-праменьнямі, як у Менску пачаўся грабеж.
Босаму нельга прайсьці па вуліцы.
Дробнымі кавалкамі шкла, як дываном, убраны брук.
Крамы з узламанымі вокнамі…
Сваволяць сьпевы разгулу…
Каменьнямі, каламі падпірала брамы беднае жыхарства, але не абараніла — збіралі да кашулі…
Стогны, енкі мянчан глытаў дым, які валам расплываўся па вуліцах, нясучы з сабою — нядолю…
II
Уцякаючы праз беларускія вёскі, пялякі пазабіралі ў сялян апошнюю скаціну.
Прыгналі яе ў Менск, на вакзал. Сагналі ў вагоны, а вывезьці яе ў Пазнань — позна: партызаны. Цягнік газай аблілі, падпалілі…