Куды ні глянь — мора шумлівае, прасторнае і вабнае… А зелень, кветкі, песьні птушак!.. Нібы зачарованая крымская казка.
Селі мы на зялёным аксамітным узгор‘і. Доўга гутарылі. Яна мне расказала пра гісторыю Крыму, пра санаторыю, пра сваё жыцьцё.
Я сядзеў і глядзеў з высі на мора, на зыбаньне хваль, на пекныя лёгкія чаўны, якія плылі каля берагу.
— Мне шкада вас, — прашаптала Марына, — мне шкада вас, вы такі маладзенькі і так цяжка хварэеце.
— Цяпер я чую сябе зусім добра! Хочацца ехаць дамоў.
— Што-о? Вам трэба яшчэ шмат лячыцца, каб паправіць як сьлед сваё здароўе, — дрыжаў клапатлівы голас Марыны.
Доўга мы сядзелі. Сонца нырнула ў мора, схавалася!.. Зоркі задрыжэлі на вяршынах Крымскіх гор. Цёплы вецер песьціў ваколіцу.
Я забыўся аб усім. Упіваўся шчырасьцю Марыны.
Моўчкі слухалі песьні цыкад…
Дні бягуць. Мы ўжо былі блізкімі сябрамі з Марынай. Кожны вечар ходзім па горах або катаемся на маторцы.
Мы так звыкліся, што й ня думалася аб разлуцы.
Седзячы раз у Марыны, я пачуў, што праз некалькі дзён будзе адпраўка хворых.