Нашы суседзі ў вагоне ўжо спалі, толькі мы ўдвох, седзячы блізка адзін ад аднаго, гаманілі.
Крышку памаўчаўшы, я запытаўся:
— А вы куды едзеце?
Яна цяжка ўздыхнула і пачала гаварыць так ціха, як-бы баялася, што хто-небудзь пачуе вялікую таямніцу яе жыцьця.
— Еду ў Адэсу, да бацькоў.
— Вы не беларуска па нацыянальнасьці? — прымусіла мяне штосьці запытаць.
— Бачыце, я сама — беларуска, з Менску, але ў час грамадзянскай вайны я з бацькамі паехала ў Адэсу. Пазнаёмілася я там з чырвоным афіцэрам, вышла замуж, была шчасьліва, але… паслалі яго вызваляць наш край ад польскіх паноў. Я з ім паехала ў Смаленск. Пад Менскам мужа забілі. Цяжка прышлося… Мучылася я доўга, а цяпер бацькі напісалі, каб прыехала да іх.
Пракаціўся глухі станцыённы званок.
Усіх хворых, якія ехалі на курорт па командыроўках, сабралі і адвялі ў санітарны вагон.
Дзяўчына засталася.
Ехаць разам з хворымі было ўжо зусім другое. Гутарка таксама была інакшая. Мае суседзі былі амаль што ўсе старыя і гаманілі толькі аб сваім здароўі, пра сваіх дзяцей. Мне гэта было зусім няцікава…
Праз некалькі дзён мы былі ўжо ў Ялце.
Як прыгожа! Колькі хараства наўкола!..
84;