прыгожай дзяўчыны. Яна сядзела на тэй-жа лаве, дзе і я, і пазірала на мяне.
Я пачуў сябе нялоўка, ссунуў з лавы свае хворыя ногі, аглядзеўся навокал і зноў нашы вочы сустрэліся.
Мне так хацелася з ёю пагаманіць, так хацелася, але ніяк ня мог адважыцца…
— Вы, мабыць, здалёку едзеце?
— Не, з Менску, — адказаў я, — а што?
— Ды я так сабе. Вы па выгляду такі змарнелы…
— Бачыце, я хворы, еду лячыцца ў Ялту.
— Вас командыбравалі ці на свой кошт едзеце? — запыталася яна з шчырай зацікаўленасьцю.
— Еду па командыроўцы.
— Так. Гэта добра. А як хораша цяпер там. Будзеце любавацца вечна — шумлівымі неўгамоннымі хвалямі мора, будзеце ўпівацца надзвычайнай прыгожасьцю гор, дзіўнымі пералівамі птушак, седзячы на беразе мора ў цёплыя зорныя ночы, будзеце марыць аб шчасьці.
— Як я бачу, у вас поэтычнае сэрца, — прабарматаў я павольна зачарованым голасам.
— Не, я шмат чытала, шмат мне расказвалі аб поўдні, — нібы ў абарону адказала яна.
— Так, добра цяпер там…
Цягнік бег наперад, прарэзваючы дрыжачую цемру ночы.