Ёй успомніўся Алесь, малады вясёлы Алесь. Думкі навальна ўсплывалі і ў сваіх хвалях затаплялі голаў. ё
— Не-е, мая галава ня стрывае. А вы, прагніўшыя сьцены, вы чуеце мае думкі, чуеце іх, чаму-ж вы маўчыцё? Чаму-ж вы не выпушчаеце іх на вуліцу? Мо‘ было-б лепш, каб хто іх падслухаў?..
Час плыў наперад…
Над галавою Зіны пярсьцёнкамі карагодзіў сон. А шэрым вокам глянула ў акно зара раніцы. Толькі цяпер прышоў Паўлюк і праз адну, ня больш дзьве хвіліны ўзарвалася моцнае „ай!..“
Паўлюк, лежачы з Зінай на ложку, выкручваў ёй рукі. Твар яго наліўся, як яблыка, чырваньню. Паўлюк дрыжэў… Па целе расплываўся прыемны лоскат. Зіна больш ня крычала.
Зіна ведала, што ў гэтым прыемнасьць Паўлюку. І праўда, прашло дзьве, тры хвіліны, і Паўлюк ужо ляжаў як-бы размочаны, стомлены; яго ахапіла млявасьць.
На вуліцах дворнікі ўздымалі сьнег мётламі, ізвозчык, сьпяшаючыся на вакзал, пагукваў на каня, як-бы і павольна ўздымаючы гоман, узыходзіла гарадзкая раніца.
Паўлюк зноў пачаў сьціскаць Зініны рукі, абсыпаць яе пацалункамі і не таму, што гэта манера распусты, не, гэта чарговы этап нанесьці боль і атрымаць задаваленьне.