прыемна… Але Паўлюк не адчуваў прыгожасьці зімовага цёплага вечару. Ён кусаў сабе губы, кулакамі сьціскаў сваю галаву, апускаў бровы, якія амаль не закрылі вочы, біў сябе ў грудзі, сэрца адказвала ўдарам, твар, як ад холаду, пакрываўся сінімі палосамі. Паўлюк дрыжэў, а вусны, дрыжачыя, сінія вусны ціха выкідвалі словы злосьці, абурэньня.
Пачуўшы скрып дзьвярэй, Паўлюк застыў на месцы.
— Ты ўжо прышоў? — і адказ нажом пралез у слабыя грудзі…
Вочы яго блішчэлі. Зіна маўчала.
Сеўшы на ложак, яна ўкрыла касою твар і слухала лаянку, голас свайго няшчасьця; бруілася ў ваччу сьляза гарачая, сэрца сьціскалася балюча.
Ціша… Істужка дыму калацілася ў пакоіку, пад акном падміргіваў серабрыстым вокам месяц, і толькі празырлівы трэск дзьвярэй страсануў Зіну.
— Пашоў?.. Што рабіць? Куды ісьці?
Ходзячы, як няпрытомная, з кутка ў куток, глядзела прытупеўшымі вачыма на сьцены.
— О, гэтыя сьцены! Толькі вы мне прымусам родныя. Але чаму вы маўчыцё? Парайце, што рабіць, што?
Родных, блізкіх… няма, у роднай старане — чужая… Куды ісьці?