∗
∗ ∗ |
Алесь зусім яшчэ малады дзяцюк, комсамолец. Любяць яго. Заўсёды такі прыветлівы, працавіты і вясёлы да сьлёз. Нездарма-ж кажуць, што ў вясёлага і брыва адна карацейшая. З ім ніколі ня будзеш маўчаць, і цяпер, седзячы ў Паўлюка, гутарка неяк ня ўецца. Уздыхнуў Алесь, пацягнуўся, скрабануў патыліцу ды, ад няма чаго рабіць, распачаў як-бы гутарку:
— Ведаеце што, таварышы, я задумаў жаніцца!? І чаму? Няўжо я ня здолею жыць, як ты, Паўлюк, жывеш? Прыдуць, гэта, і да мяне хлапцы, жонка гарбатай пачастуе, пагаварыць прыемна…
— А дзяўчынку ўжо нагледзілі? — празьвінеў галасок маладой гаспадыні.
— Э, ды за гэтым ён у кішэнь не палезе. У яго каб быў толькі час, дык дзяўчат было-б, не раўнуючы, як вошаў…
Алесь абурыўся супроць такой антысанітарнасьці, а Паўлюк, усьміхаючыся, наводзіў на рэйкі:
— Усе вы, як я бачу, дзівакі; гэта-ж Алесь наконт гарбаты намякае.
Гаспадыня зараз-жа заварушылася.
Гутарка ў хлапцоў зьмянілася, і час бяжыць няпрыкметна, хутка…
Паркалёвым рукавам абцёршы пот, які выступіў ад гарбаты, Алесь, глянуўшы на Зіну, жонку Паўлюка, весела кінуў: