Абое прасьлязіліся, абое маўчалі. Нікодзім толькі сябе вініў ува ўсім, толькі сябе…
Галенка пачала расказваць, што яе прымусіла пайсьці і гандляваць… Прадаваць сябе…
— Радзіўся сынок… Тры дні жыў, тры дні… Вышла я з больніцы, бацькі дома няма, дзе ён цяпер, дзе ён дзеўся тады, — ня ведаю. Цябе няма, ты… Што-ж было мне рабіць? — і раптам паднялася, выцерла вочы, глянула на Нікодзіма, як-бы абдумаўшы, цьвёрдым рашучым голасам прагаварыла:
— Ну, я іду. Бывай!
Нікодзім хапіў яе руку, стаў умальваць кінуць усё і цяпер жыць разам. Яна вырвалася, глянула яшчэ раз на яго і — пашла.
Нікодзім абліўся сьлязьмі. Нікодзім проста адчуваў цягучы, разрываючы сэрца боль…
Дома ў вечары ён ужо ляжаў п‘яны і плакаў голасна, як дзіцё, як пакрыўджаная бяспрытульная дзяўчынка…
А за сьцяною рабочыя, з сталяліцейнага заводу граў на балалайцы, кучаравы белы сынок яго, прытупваючы нагой, танцаваў, маці з радаснай і шчасьлівай усьмешкай біла ў тахт далонямі…