Галенка аб гэтым ня ведала. Можа яна, каб чытала газэты, даведалася-б аб гэтым, але так лепш… А зьмянілася зусім. Не пазнаць: вочы ўпалі, уся стала жоўтай і худою.
А хутка-хутка яна маткаю стане. Страх не адступаў ад яе… Бясконца сьлёзы.
Знашла ў куфры чыстую бацькаву бялізну, напісала запіску, падышла пад турму, аддала надзірацелю, заплакала.
Нікодзім атрымаў пасылку. Прачыталі яму запіску. Зашчаміла сэрца, прысеў на нары, апусьціў голаў, шкода стала Галенкі. Узьняўся, глянуў у вакно і захацелася яму выляцець, дагнаць яе, кінуцца ёй у ногі, але — краты, моцныя краты!..
Камэра, у якой сядзеў Нікодзім, была прасторная, ды ў ёй было звыш нормы арыштаваных. Стаяла духата, за сабой яшчэ і не глядзяць — брудна. Вечныя насьмешкі, выкрунтасы аднаго над другім Нікодзіму не давалі спакойна пасядзець, перанесьціся думкамі да Галёнкі, папрасіць у яе прабачэньня, падзякаваць яе шчырае сэрца.
Нікодзім праклінаў цяпер тую хвіліну, калі спаткаўся з Жэнькай.
— Яна, і больш ніхто, вінавата, — яна разьбіла жыцьцё…
А думка аб сваім дзіцяці так сьціскала сэрца, так балюча і радасна білася ў грудзёх.
— Маё дзіцё? Але ці маю я права быць бацькам? Гадаваць яго, каб быў прапаўшым, як і я? Э эх!.. як бліскучасьць вабіць да сябе і