Ня ведала Галена, скуль гэта валіцца, але, асьмеліўшыся, дрыжачым голасам загаварыла:
— Ды не, вы мыляецеся… Мне трэба па справах, да Нікодзіма!..
— У турму ідзі на сьвіданьне, а ня тут. Вон, прадажная… Тут ужо няма зладзеяў. Усіх пазабіралі. Вон…
Страсанулася Галенка. Сэрца замерла, прыціснулася да грудзей. Вочы застылі, кроў набягае ў твар.
Трымаючыся за сьцяну, ледзь-ледзь ішла. Яна не магла думаць, — колкі ў галаве абуджалі няўстрымны боль.
А ўжо пачыналася вясна. У рышткох бурлілі раўчакі… Было цёпла-цёпла. Ветрык прыветліва лёгкім подыхам абвяваў твар; чуецца нейкае абуджэньне, радаснае абуджэньне, напаўняючае ўздымам жыцьця, бадзёрасьцю
Галенка дрыжала, яна ішла дамоў, ня бачачы дарогі.
Сьлёзы, горкі плач рваў яе схудалыя грудзі…
Ня помніла яна, калі прышла ў хату, а ўжо пачынала было добра сьвітаць.
VII
Даўно сышчыкі хадзілі ля сутарэньня Нікодзіма. Даўно сачылі за „афэрыстымі“ і, сабраўшы матэрыялы, выведаўшы сьцежкі, — прышлі і забралі ўсю кампанію: дзьве простытуткі, трох зладзеяў, Нікодзіма і гасьця — сівога профэсара.
Засудзілі ўсіх (профэсара, праўда, пусьцілі), Нікодзіму далі год.