Старонка:Сутарэньне (1925).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паверыла таму, каго так любіла, каго і цяпер яшчэ, — не! цяпер яна яго зьненавідзела, але тады паверыла, бо ў яго вачох ня бачыла кпін, ня ўмела іх пазнаць.

Нікодзім ужо зусім не заходзіў.

Сядзіць Галёнка над сталом, сьлёзы абліваюць усплываючую думку:

„І што рабіць? Я зараз буду маткай… Буду мець сваё дзіцё, маленечкае, з шэрымі вочкамі. Воч ня сплюшчу, буду хадзіць мыць бялізну, але выгадую яго. Падрасьце, запытаецца: „а дзе мой тата?“ — што я скажу? што? Згінуць разам, цяпер… Чаму так страшна? Хто б параіў мне, хто-б сказаў мне ласкавае слова?..“

Пачуўшы топат бацькі, Галенка ўсхамянулася, узялася за працу. Але што-б ні рабіла, дзе-б ні была яна, думка адна: што рабіць?

У вечары, калі бацька заснуў, яна накінула на плечы хустку, вышла на вуліцу.

Пастаяўшы ля брамы, надумала зьбегаць да Нікодзіма:

— Што ён скажа; няўжо дазволіць загінуць? У яго-ж ёсьць сэрца, ён ведае, хто яна…

У вокнах яго было цёмна. Яна паціхеньку зашла ў двор, хацела ўбегчы ў хату, як прарэзьлівы голас гаспадара дому, Рудармана, затрымаў яе:

— Што, ізноў? Пашла вон, сьцерва прадажная! Ізноў запаскудзіць мне дом, ізноў пад страхой маёй хаты прытон робіце. Вон, а не — у міліцыю сьцягну!