маладая… Гарыць малінавым цьветам; стан роўны, прыгожы. Дапамагала яна бацьку падмятаць двор, вуліцу.
Нікодзім пачаў заходзіць да яе, яна рада была. Гуляць ходзяць разам; у кіно зойдуць, бывае, у тэатр забрыдуць.
Захварэў яе бацька, Нікодзім грашыма дапамагаў.
Палюбіла яго Галена і сумавала, ня бачыўшы яго. Думкі розныя наплывуць, — заплача Галена. Радасна білася сэрца яе, калі Нікодзім быў з ёю…
У прыемныя для сэрца, для жыцьця хвіліны… яна забылася… Але яна любіць Нікодзіма, і яна ня гублялася, яна ня плакала: Нікодзім казаў — возьме замуж.
Не падмануў, — ён прыходзіў і надалей, і яна жыла з ім, як ёй падшэптвала яе закаханае сэрца.
Але ашукалася сэрца дзявочае. Нікодзім ня ўмее любіць, Нікодзім нават ня ўмее паважаць, ня толькі цаніць чужога каханьня. Радзей стаў заходзіць да яе, а калі і прыдзе, дык і то п‘яны.
Страшна стала дзяўчыне. На вачох яна марнее, сохне, а хутка і маткаю стане.
Дні праходзілі… Не прасыхалі яе вочы ад сьлёз. Бацька стаў скоса паглядваць, — падядае сэрца Галёны, яна ўжо і сілы губляе…
Прыдзе думка — уцячы з хаты, але куды? — Усё роўна, абы ня быць дома, ня чуць, як сыкаюць свае родныя. А ў чым яна правінілася?