Павесялеў. Носіцца ля крам і стараецца прадаць яшчэ адну, яшчэ…
У надвечар у яго засталося сем газэтак.
Зашоў у піўную, узяў фаршыраванай рыбы, бутэльку піва, тымчасам прадаў гаспадару піўной, Моўшу, газэціну, паважна дзюбае відэльцам і ўсьміхаецца.
Тут і народ пачаў зьбірацца. Неўзабаве прышла і Жэнька, падсела да Нікодзіма.
Можа і рэдка бываюць такія гутаркі, але цяпер разгаварыліся, як хто жыве.
Нікодзім радасна запэўнівае, што ў яго ўжо заробак будзе. Жэнька ўсьміхаецца…
— Сьмяешся? Цяпер я ўжо знаю, куды насіць і як прадаваць газэты…
Жэнька ўзяла яго за падбародак, паласкатала і ласкава пачала ўгаварваць кінуць гэту дробязь, капейкі:
— Што ты заробіш за дзень? — 20 капеек. Дурань, цябе трэба яшчэ вучыць, як жыць… У цябе твая хата, помніш, дзе я была, яшчэ ёсьць?
— Пакуль, але-ж, мусіць, трэба…
— Зноў дурань. Цяпер ня маюць права высяляць. Слухай-жа, што я хачу сказаць, — і яна схілілася да яго вуха: — за гэтыя няшчасныя 20 капеек ты цэлы дзень бегаеш, высалапіўшы язык, вочы на лоб павылазяць. Узяў-бы ты падшукаў хлапцоў з грашыма, прывёў да сябе, а там — я буду чакаць. І сама я каго-небудзь прывяду, а грошы? — Грошы