Але дзядзька сьпяшаўся атрымаць кіно-афішы. Пашоў з ім і Нікодзім.
Было рана, і ў горадзе яшчэ не стаяў звычайна нясьціхаючы грукат.
У экспэдыцыі, дзе Іван атрымліваў афішы, хлопцы бралі для продажы газэты.
Прад вачыма Нікодзіма пачаў вырысоўвацца твар старога газэтчыка, якога ёй бачыў на рынку. Яму здалося, што вось ужо ён прадае газэты… у яго купляюць… вось ужо лічыць прыбытак… і нявольна на яго вуснах усплыла ўсьмешка.
Пры дапамозе дзядзькі Нікодзім дастаў для продажы 25 газэт.
Радасна, ахоплены бадзёрасьцю, выбег на вуліцу і голасна стаў выкрыкваць:
— Сьвежыя газэткі!
— У Заходняй Беларусі партызаны пусьцілі пад адкос цягнік!
— У Баўгарыі арыштоўваюць комуністых!
— У Менску думаюць пусьціць трамвай!..
З вуліцы на вуліцу ў захапленьні бегае Нікодзім і газэткі, акуратна склаўшы, носіць пад пахай.
Змогся бегаючы, зьнядужаў. Сеўшы на бульвары, пералічыў газэткі: усе — 25.
„Чаму-ж так?“ падумаў Нікодзім, „у таго старога, ён сам бачыў, як бралі газэты, а ў яго?“
Пабег Нікодзім па рынак.
Ашчасьлівіўся тут: прадаў дзьве газэціны.