А чаму ён крычыць аб газэце? І яго мала хто чуе, яго голас ужо стары, сіпаты.
А калі малады байчэй гукне, ён і прадасьць болей.
Гэта разважаньне ўзьвесяліла яго. Убачыўшы дзяўчынку-яўрэйку, якая прадавала ваксу і шнуркі, ён усьміхнуўся: і падумаў:
„На вуліцах гразь, хто ў яе будзе ваксу купляць“, а вобраз старога, газэтчыка такім добрым і шчасным маляваўся яму.
Па наберажнай, тут-жа ўнізе, стаялі для продажы крыжы. Твар Нікодзіма нахмурыўся. Ён пачаў, як-бы ад холаду, дрыжаць…
Абапёрся аб пярылы маста, стаў углядацца ў рэчку. Раптам яго хтось стукнуў па плячы. Гэта быў яго дзядзька Іван (які працуе ў кіно). Ён быў п'яны… Адразу вылаяў Нікодзіма, чаму ня прыходзіць да яго, чаго бадзяецца. Нікодзім маўчаў.
Дзяздька чамусьці нечакана абхапіў яго, кінуўся цалаваць і праз сьлёзы выляталі словы:
— Наша доля… Эх!.. хадзем.
А народ глядзіць і не зразумець яму таго болю, які пад сэрцам клякоча накіпам, не, не зразумець…
Зашлі яны ў піўную…
V
Прачнуўся Нікодзім у дзядзькі. Зноў сябе адчувае дрэнна, галава шуміць, круціцца, цягне яго выпіць бутэльку, адну бутэльку піва, — стала-б лягчэй, праясьнілася-б у вачох.