Старонка:Сутарэньне (1925).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дух і пачуў ясна-ясна, у першы раз, як білася яго сэрца. Прад вачыма пачало вырысоўвацца поле, пажоўклае, бязьмежнае поле; пачала вырысоўвацца гара, высокая гара, абкіданая вострымі каменьнямі. Ён страсануўся, закрыў вочы і яскрава ўбачыў прад сабою сьвежую магілку матулі, яму здаецца, што яшчэ той жоўты сьвежы пясочак не пасьпела высушыць сонца… Вось і той каменьчык, які ён паклаў у нагах матчынай магілкі.

Нікодзім выбег на вуліцу… Не спатыкаліся яму знаёмыя…

А можа яго ня хочуць прызнаваць? Не, яго любяць, але змаглі-б і не пазнаць. Ён зьмяніўся. Стаў страшным: твар белы-белы, галава яго ўпала ў плечы…

Нікодзім думаў аб адным: дзе знайсьці якую працу, цяпер, ужо… Ён адчуваў, што гэта адразу зробіць яго інакшым і яму будзе лягчэй.

На рынку ён убачыў Мікіту з сякераю і пілой, які чакаў работы. Хацеў падыйсьці, пагаварыць, але яму здалося, што Мікіта ведае пра ўчарайшую гулянку і, сьціснуўшыся, ён пашоў далей.

На мосьце спыніўся прад газэтчыкам. Убачыў, як у гэтага старога разьбіраюць газэты, і ведаў ён, што калі хто чым гандлюе, той мае заробак і з яго жыве. І гэты газэтчык, ён-жа жыве таксама з заробку, і ў яго, мабыць, у хаце дзеці. Не, дзеці зарабляюць самі, а яго заробак — для яго.