Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

стаўся насьле́днікам габсбурскіх краёў і імпэратарам Каралём VI, — коаліцыя развалілася. Князь Марльбору з прычыны прыдворнае інтрыгі страціў уплывы, і ў Англіі перамагла партыя, што хаце́ла міру. У месьце Утрэхце (ў 1713 г.) ўсе падпісалі мір, апрача аднаго толькі Караля VI, але й той пасьля не́калькіх ваенных няўдачаў на другі год таксама падпісаў мір у Раштаце для Аўстрыі і ў Бадэне для Імпэрыі (1715).

Рэзультатам усяé вайны быў падзел Гішпаніі, прычым найбольшая здабыча дасталася Бурбонам, ня гледзячы на ўсé іхнія няўдачы. Унук Людвіка XIV дастаў, як Піліп V, самую Гішпанію разам з колёніямі; імпэратар Кароль VI дастаў Бэльгію, Сардынію, Нэаполь і Лёмбардыю, а князь Савойскі, які ахвотна ўваходзіў у саюзы і заўсёды на гэтым меў не́йкую карысьць, дастаў Сыцылію і тытул караля, ды адгэтуль Савойскі дом стаў сьпірацца з Габсбургамі за перавагу ў Італіі. Англія затрымала занятую ў часе вайны крэпасьць Гібральтар, дый атрымала ад Францыі краі ў Амэрыцы над Гудзонскаю затокаю: Ньюфаўнленд і Новую Шкотляндыю, а апроч таго дастала шмат гандлёвых прывіле́яў. Брандэнбург разам з Усходняй Прусіяй быў прызнаны за Прускае Каралеўства. Голяндыя атрымала гэтак пажаданы бар’е́р ад Францыі ў відзе бельгійскіх прыгранічных крэпасьцяў, дый мела тую карысьць, што Бэльгія была сьціснута з боку гандлёвага; аднак, ад гэных войнаў Голяндыя гэтак аслабе́ла, што пастанавіла болей ніколі не мяшацца ў вялікую эўрапэйскую палітычную барацьбу.

8. Канец Людвіка XIV (1715). Незадоўга пасьля таго памёр Людвік XIV на 72-м годзе свайго панаваньня. Здабыў ён для свайго роду новую дзяржаву (Гішпанію), дый Францыю павялічыў на некалькі значных провінцыяў, але за тое пакінуў яé ў бязвыхадным палажэньні. Дзяржаўныя даўгі дайшлі да вялізарных разьме́раў; марское дзе́ла, гандаль, прымысловасьць, адным словам усё блізка, што стварыў Кольбэр, — развалілася; край быў спустошаны, а народ страшэнна згалеў.

Шмат хто перасьцерагаў Людвіка XIV. Адважны біскуп Фэнэлён яшчэ перад вайною аб гішпанскую спадчыну ў самых гострых словах прарочыў рэзультаты гэтых войнаў і заваяваньняў. Навет менш адважны Расін падаў каралю мэморыял аб агульнай галіце́ і аб спосабах яé зьніштажэньня, а стары Вобан, апрача свае́ вайсковае дзейнасьці, напісаў даволі вялікую кнігу аб цяжкім палажэньні народу. Аднак, дрэнна даводзілася таму, хто адважаўся гаварыць праўду сапсаванаму лёсткамі каралю. Фэнэлён і Расін былі