Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выдалены з двара, кнігу Вобана спалілі. Духоўнае разьвіцьцё ў Францыі ў часы Людвіка XІV наагул замёрла. Свабода-гэта галоўны варунак разьвіцьця літаратуры, навукі, мастацтва, і ніякая апека, ніякія пэнсіі для пісьменьнікаў, вучоных і артыстаў яе не заменяць.

Так сама, як вялікія ваяводы і міністры, паўміралі і вялікія песьняры, вучоныя і артысты, не пакідаючы пасьля сябе наступнікаў. Людвік XІV памёр апошнім спаміж людзей свае эпохі, будучы адзінокім, засмучоным, чуючы праклёны сабе ад свайго народу.

§ 11. Узмацненьне Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расéя.

1. Аўстрыя ад аблогі Вены да Белградзкага міру (1683-1739). Ня гледзячы на ўсё зьдзічэньне, спрычыненае трыдцацілетняю вайной, сіла нямецкага духоўнага жыцьця ня была зламана; гэта відаць ужо з таго, што ў канцы XVІІ і на пачатку XVІІІ веку зьявілася ў Нямеччыне нéкалькі слаўных людзей, як геніяльны філёзоф Лейбніц, што сваім розумам абыймаў усé навукі, як вялікія музыкі Бах, Гэндэль і інш.

Пры агульнай безнадзейнай хвараблівасьці імпэрыі, у паасобных краёх яе разьвівалася здаровае жыцьцё. Гэтак, Аўстрыя ў часы Леопольда I (1657-1705) прыдбала сабé вялікае значэньне, адпіраючы Туркаў у многіх слаўных бітвах. Расьпешчаныя, кволыя наступнікі Магомэта і Солімана ўсё гаспадараньне здавалі сваім вялікім вэзырам. Аднак, турэцкі паша рэзыдаваў яшчэ ў Будзе, і ў 1683 г. Османы ізноў нарабілі перапалоху ў Эўропе. Іх заклікалі Вэнгры, якіх прыціскаў Леопольд I, і Туркі зьявіліся пад Вéнаю з вялікім вэзырам Кара Мустафа на чале. Места было ўжо блізкае да ўпадку, ня гледзячы на адважную абарону ад 200-тысячнае турэцкае арміі. Але на помач месту надыйшоў польскі кароль Ян ІІІ Собéскі і адагнаў Туркаў.

Далей імпэратарскі ваявода, кн. Кароль Лётарынскі, які быў выгнаны з свайго княжства Людвікам XІV і пайшоў на аўстрыяцкую службу, узяў штурмам Буду і яшчэ раз пабіў Туркаў пад Магачом. Другі імпэратарскі ваявода, кн. Аўгéн Савойскі, з бакавое лініі Савойскага дому (радзіўся ён у Францыі, але з прычыны свайго непазорнага выгляду ня быў прыняты на вайсковую службу Людвікам XІV), аканчальна перамог Туркаў; у 1697 г. разьбіў ён іх пад Зэнтаю, над р. Цісаю. Па Карловіцкаму міру (1699) Аўстрыя атрымала блізка ўсю Вэнгрыю (Угоршчыну), Сла-