Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ды стараўся палепшыць яе пры помачы прыкладовых школ, заахвочаваньня і нагародаў, загадаў і забаронаў. Ён пабудаваў першую штучную вадзяную дарогу, Лянгедоцкі канал, які, перасякаючы даліны і ўзгор'і, лучыць Гарону з Міжызéмным Морам. Сваімі стараньнямі аб судаходзтве, закладаньнем штучных і направаю натуральных портаў, збудаваньнем магутнага ваеннага флёту, здабыцьцём абшырных валаданьняў у Індыі, Афрыцы і Амэрыцы Кольбэр заснаваў францускую марскую і колёніяльную сілу, якая нейкі час ходалася за пяршынства з англійскаю ды голяндзкаю.

Тое, што зрабіў Кольбэр для дзяржаўнага скарбу, тое для аружнае сілы краю зрабілі вайсковы міністар Лювуа і інженер Вобан разам з такімі выдатнымі ваяводамі, як Кондэ і Тюрэн. Лювуа павялічыў сталую армію на сотні тысяч людзёў, палепшыў яé ўзгадаваньне заўсёднымі правільнымі практыкаваньнямі, увёў спэцыяльную вайсковую вопратку (мундзір), пачаў шырэй ужываць усялякую стрэльбу, замяняючы піку-на штых, закладаў вайсковыя школы, магазыны, шпіталі для інвалідаў і г. д.-і гэткім чынам стаўся тварцом новачаснага вайсковага дзела. А Вобан, самы здольны інжэнер свайго вéку, акружыў Францыю валам крэпасьцяў, якія тады лічыліся нездабытымі. Францыя ўсюдых пачала славіцца, як гаспадарства найляпей кіраванае і найляпей бароненае ў-ва ўсéй Эўропе.

Яшчэ ў часы Рышэльé пачаўся залаты пэрыод францускае літэратуры; пры Людвіку ХІV ён ужо сьвяціў поўным блескам. Дэкарт і Паскаль, адны з найбольш геніяльных мысьліцеляў і вучоных новых часоў, біскупы Босюэ і Фэнэлён, з якіх першы быў выдатным прапаведнікам і гісторыкам, а другі пэдагогам і бэлетрыстам, ня лічучы ўжо вялікага множства іншых выдатных пісьменьнікаў, зрабілі францускую мову дужа яснаю і прыгожаю, якою яна астаецца і да нашага часу. Тры знамянітыя драматычныя паэты: Ян Мольер, Пётра Корнэль і Ян Расін, зрабілі францускі тэатр найслаўнейшым у Эўропе, ці, ляпей кажучы, стварылі тэатр у новачасным значэньні гэтага слова; два апошнія пісалі драмы, якія дасканальна выяўляюць характар францускага народу і свае эпохі; Мольер-жа пісаў камэдыі, якія маюць агульна-людзкае значэньне і да сёньняшняга дня ня страцілі свае вартасьці. Жыў тады вядомы аўтар баек Ля-Фонтэн, з якім ніхто ня мог зраўняцца ў пераробцы баек Эзопа. Вызначалася сваімі творамі і шмат іншых паэтаў. Людвік XІV гэтых пісьменьнікаў зьбіраў да свайго двара і назначаў ім пэнсіі; дык-жа здавалася, быццам яны тварылі толькі дзеля яго.

Ня ў меншай меры Людвік XІV выкарыставаў і мастацтва для праслаўленьня свае асобы і свайго панаваньня.