Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ня любіў ён бунтаўніцкага Парыжу і стварыў сабе новую рэзыдэнцыю ў вёсцы Вэрсаль; тамака ëн збудаваў палац, над прыхарошаньнем якога працавалі найслаўнейшыя маляры, скульптары і садоўнікі. Вэрсаль з сваймі тэрасамі ды паркам, у якім поўна прыгожах фонтанаў, з сваймі прысадамі і мармуровымі статуямі стаўся прыкладам для каралеўскіх рэзыдэнцыяў у Эўропе. Аблічана, што Вэрсаль разам з іншымі раскошнымі будоўлямі караля каштаваў якіх 800―900 міліёнаў франкаў на цяперашнія грошы. Тамака, у Вэрсалі, акружаны роем вяльможаў і дастойнікаў, Людвік XІV утрымліваў двор, якому па блеску і пышнасьці, помпатычнаму цэрэмоніялу ды па інтэлігентнасьці і далікатнасьці сьвецкіх звычаяў ня было на сьвеце роўнага. З зьдзіўленьнем і захопленьнем углядалася Эўропа на Людвіка XІV; усé монархі пераймалі вэрсальскія звычаі; француская мова і пісьменства, францускія моды і звычаі панавалі ўсюдых. Парыж і Версаль зрабіліся сталіцамі сьвету.

5. Войны: бэльгійская (1667-1668); голяндзкая (1672-1678). Гэтая міравая слава не здаволівала Людвіка XІV; ён жадаў быць яшчэ заваявальнікам, да чаго, праўда, яго падахвочавала аслабленьне сухазéмных дзяржаваў, асабліва Гішпаніі. Ужо ў часе першае вайны мéўся ён, да нéчага прычапіўшыся, адабраць ад Гішпаніі Бельгію, але саюз Голяндыі, Англіі і Швэдзіі прымусіў яго ўстрымацца і здаволіцца толькі часткаю Фляндрыі (Ліль). Аднак, пасьля ўдалося Людвіку XІV разьбіць гэты саюз, перацягнуўшы на свой бок Швэдзію ды Англію, караля якое (Караля ІІ) ён падкупіў. Тады, перайшоўшы праз валаданьні нямецкіх князёў, згоды якіх яму ўдалося дабіцца, ён напаў на Голяндыю. Гэтая рэспубліка была саўсім безабароннаю: за час кіраваньня Яна дэ Віта яна саўсім ня дбала аб сухазéмным войску, займаючыся выключна разьвіцьцём і ростам марскога дзела. Нічога ня даў рады і голяндзкі марскі гэрой дэ Руйтэр, які ўславіўся ўдачна змагаючыся проці францускага ды англійскага флёту. Ужо войска Людвіка ХІV падыходзіла да Амстэрдаму, калі раптам у Газе узгарэлася паўстаньне. Разьюшаны народ забіў Яна дэ Віта і ягонага брата Корнэля. На чале ўраду стануў малады Вільгэльм ІІІ Оранскі, які да таго часу быў саўсім адсунуты ад урадаваньня.

Вільгэльм ІІІ Оранскі выратаваў край, раскапаўшы, па прыкладу свайго продка, грэблі і гэткім спосабам зрабіўшы немагчымым далейшы паход ворага. Адначасна ўдалося яму зрабіць з курфюрстам Брандэнбургскім, імпэратарам, Гішпаніяй ды іншымі — аружны саюз проці Людвіка XІV. Полымя вайны абхапіла ўсю Эўропу. У канцы Людвік XІV згадзіўся