Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выя, калі іх прыраўнаваць да барацьбы, якую ў той самы час вяла народная воля з дэспотызмам у суседняй Англіі, на той бок каналу.

А ўнутранае гаспадараньне Мазарыні было вельмі дрэннае; сам ён, ягоныя сваякі і ўлюбенцы абкрадалі скарб гаспадарства, як толькі маглі. Вялікімі падаткамі ён даводзіў народ да роспачы, забіваў земляробства, гандаль і прамысловасьць; доўг гаспадарства пры ім узрос да вялізарных сумаў.

4. Расцьвет магутнасьці Людвіка XІV (1661-1683). Калі пасьля сьмерці Мазарыні (1661) спыталіся маладога караля, да каго ў будучыне трэба зьвяртацца, як да першага міністра, той адказаў: „Да мяне“. Багата абдораны ад прыроды, поўны сілаў і ахвоты да працы, Людвік XІV не хацеў толькі называцца каралём, але хацеў быць ім запраўды, як яго вучылі Рышэлье і Мазарыні. - "Дзяржава і кароль — адно (L'Etat c'est moі); кароль пастаўлены Богам і толькі перад Ім адпавядае; падданыя павінны яго слухаць, ня пытаючыся чаму. Усё, што ёсьць у краі, належыць да яго, у тым ліку і маемасьць ягоных падданых; усім гэтым кароль можа распараджацца, як хоча". Гэтак думаў і рабіў Людвік XІV.

Апошнія вольнасьці ў провінцыях былі скасаваны; ад гарадоў было адабрана права самаўрадаваньня, і кіраўніцтва ўсенькім жыцьцём гаспадарства апынулася ў руках караля. Ня было навет і спробаў праціўленьня, аб якіх варта было-б гаварыць; дый нічога дзіўнага: народ ужо даўно адзвычаіўся ад волі, а шляхта была гэтак прыціснута, што ў большасьці лічыла за найвялікшую чэсьць спаўняць лякайскую службу пры двары караля.

Новая сыстэма спачатку выглядала даволі карыснаю для Краю. Людвік XІV, праняты вялікімі думкамі аб сваім прызначаньні, акружыў сябе вельмі добрымі міністрамі. Кольбэр, сын рэймскага купца, першы мешчанін, які заняў гэткае высокае становішча, упарадкаваў саўсім разваленую грашовую гаспадарку Францыі; каб выдаткі адпавядалі даходам, ён на кожын год укладаў праект даходаў і выдаткаў, г. зв. бюджэт; гэты звычай і назоў бюджэту перанялі пасьля усé гаспадарствы. Сваю галоўную ўвагу Кольбэр зьвярнуў на разьвіцьцё прамысловасьці і гандлю. Не шкадаваў ён працы і коштаў, каб навучыць сваіх землякоў вырабляць аксаміт, прадметы збытку, люстры, як у Італіі, карункі і дываны, як у Фляндрыі, сукно і палатно, як у Голяндыі, сталь і вырабы з бавоўны, як у Англіі. Накладаючы высокія мыты на загранічныя тавары, ён бараніў нараджаючуюся краёвую прамысловасьць ад конкурэнцыі,