Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замест рупіцца аб карысьць свае протэктаркі, ён усю сваю дзеяльнасьць ахвяраваў дабру і велічы дзяржавы, якою кіраваў.

Ад гэтага часу Рышэльé зрабіўся самаўладным гаспадаром Францыі. Ўсé стараньні, каб яго скінуць, былі дарэмныя, бо Людвік ХІІІ, хоць слабы і хваравіты, быў прынамся тым падобны да свайго бацькі, што не праганяў слугі, аб здольнасьцях і вернасьці якога пераканаўся. А гэта тым больш цікава, што Рышэлье ніколі ня быў ільсьцівым прыдворным, а, наадварот, часта гаварыў каралю ў вочы горкую праўду. Згодна з духам свайго часу, Рышэлье ўважаў, што для дзяржавы найляпей, калі каралеўская ўлада будзе па магчымасьці неабмежанаю; дзеля таго ён стараўся пераламаць усякае праціўленьне каралеўскай волі і, прыкладам, выступіў проці гугенотаў, якія з сваімі ўмацаванымі абароннымі крэпасьцямі былі нейкай рэспублікай у монархіі. Рышэльé сам вëў аблогу ля Рошэлі, спаўняючы адначасна абавязкі ваяводы, адмірала і інжэнера; нягледзячы на гэроічную абарону крэпасьці, ён яе здабыў (1628). Аднак, Нантскага эдыкту ён не ламаў; наадварот, ён яшчэ бараніў рэлігійную вольнасьць протэстантаў. Зялезнаю сілаю свае волі ён прымусіў слухацца і арыстократыю, якая дагэтуль паступала так, як быццам законы былі толькі для паспольства, а не для яé. Ён загадаваў бурыць умацаваныя замкі арыстократаў, якія ўпіраліся проці каралеўскае ўлады. Да намесьнікаў провінцый-арыстократаў, якія свае становішчы лічылі спадчыннымі і часта бунтаваліся, ён дадаў да помачы інтэндантаў з мяшчан; апошнія былі саўсім залежныя ад караля. Усякае супраціўленьне бязлітасна каралася сьмерцяю: самым відным па свайму паходжаньню ці становішчу людзям сéклі галовы, а матка і брат караля за ўчасьце у змове былі прысуджаны на высылку з краю.

Адначасна з гэтым Рышэльé і ў іншых кірунках працаваў дзеля дабра гаспадарства не пакладаючы рук. Ён павялічыў флёт, падтрымліваў гандаль і колёніі. Ён жа залажыў Францускую Акадэмію, установу, якой галоўная мэта-апека над роднаю моваю і яе разьвіцьцём; ён урэшце выдаваў газэту, у якой і кардынал і кароль зьмяшчалі свае разважаньні аб грамадзкіх справах.

У замежнай палітыцы Рышэлье пайшоў па дарозе, якую паказаў Гэнрык ІV; ягоныя паслы пры ўсіх эўропэйскіх дварох працавалі проці Габсбургаў. Канца трыдцацілетняе вайны, у якой ён такую важную іграў ролю, Рышэлье не дачакаўся і памёр як-раз тады, калі перамога выразна перахілялася на ягоны бок.

Паміраючы, Рышэлье казаў, што ў яго ніколі ня было іншых ворагаў, апрача ворагаў дзяржавы.