Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДРУГІ ПЕРЫОД.

____________

РАЗЬВІЦЬЦЁ АБСОЛЮТЫЗМУ І ФІЛЁЗОФСКІ РАЦЫОНАЛІЗМ.

§ 10. Рышэлье і Людвік XІV.

1. Апошнія Генэральныя Штаты (1614). Пасьля Гэнрыка ІV астаўся яго бязьлетні сын Людвік ХІІІ, за якога гаспадаравала ягоная матка Марыя дэ Мэдычы. Дзéяльны Сюльлі быў адсунуты ад улады, яго-ж месца занялі фаворыты рэгéнткі, якія марнавалі з гэткаю працаю зьбіраныя ім зьберажэньні ды абкрадалі скарб гаспадарства. Вяльможы, скрыўджаныя пры падзеле гэтае здабычы, хапаліся за зброю; у ва ўсім краі панавала поўнае бязладзьдзе, ад якога народ нявымоўна цярпеў. Агульнае нездаваленьне ў хуткім часе прымусіла каралеву склікаць прадстаўніцтва станаў. Прадстаўнікі трэцяга стану энэргічна выступілі з цэлым радам праектаваных рэформаў. Адзін-жа з іхніх галоўных прамоўцаў сказаў гэткія прарочыя словы: "калі і далей гэтак пойдзе, дык народ ня будзе больш кавадлам, а зробіцца молатам".

Спалоханыя сьмеласьцю гэтых словаў шляхта і духавенства пагадзіліся з дваром. Калі на другі дзень пасьля гэтае прамовы мяшчанскія дэпутаты захацелі йзноў сабрацца, дык знайшлі дзьверы замкнёнымі. Каралева загадала, каб Генэральныя Штаты разыйшліся. Сабрацца йзноў маглі яны толькі праз 175 гадоў; да таго-ж часу іх месца занімала самавольства каралёў і міністраў. Хаця, праўду кажучы, сваё значэньне яны ўтрацілі яшчэ пры Каралю VІІ.

2. Гаспадараньне Рышэльé. Адносіны ў дзяржаве не палепшыліся навет і тады, калі Людвік ХІІІ выйшаў спад апекі свае маткі. Зьмяніліся яны толькі тады, калі ўладу ўзяў у свае рукі Арман дю Плесі Рышэльé[1]. Дзякуючы сваім надзвычайным здольнасьцям, ён зрабіўся біскупам, маючы ўсяго 22 гады, і тады-ж зьвярнуў на сябе ўвагу каралевы-маткі. Спадзяючыся знайсьці ў ім пакорнага слугу сваé волі, яна выстаралася для Рышэльé кардынальскі капялюш, ды ўвяла ў Дзяржаўную Раду. Праз некалькі месяцаў Рышэлье ўжо мéў неабмéжаны ўплыў на караля. Аднак,

  1. Armand du Plessіs Rіchelіeu.