Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

або абвяшчаць сябе нэйтральнымі, або навет далучацца да іх, як гэта зрабіў брандэнбурскі электар. Чым даўжэй цягнулася вайна, тым больш слабеў імпэратар і ягоныя саюзьнікі, Французы-ж зайшлі ў глыб Баварыі, а Швэды дайшлі аж да Прагі. Нялёгка, праўда, і ім даводзілася, бо з зруйнаванае да астатку Нямеччыны нічога больш нельга было выціснуць. Дык-жа пачалі ўмаўляцца аб міры. Некалькі гадоў ішлі гэтыя гутаркі ў двох біскупскіх местах у Вэстфаліі: Оснабрюку і Мюнстэры, і ўканцы быў падпісаны г. зв. Вэстфальскі мір (1648), які зрабіў канец трыдцацілетняй вайне і ўпарадкаваў тэрыторыяльныя, царкоўныя і палітычныя адносіны.

9. Міравыя ўмовы і рэзультаты трыдцацілетняе вайны. Звычайна ў трыдцацілетняй вайнé адрозьніваюць чатыры пэрыоды: 1) вайну за чэскую карону, якая адбывалася ў Чэхіі і Паўднёвай Нямеччыне; 2) данскую вайну ў Паўночнай Нямеччыне; 3) швэдзкую вайну і 4) швэдзка-францускую вайну.

Вестфальскім мірам устаноўлена:

1. У сьвецкіх справах:

a) У адносінах Нямеччыны і замéжных гаспадарстваў: Швэдзія атрымала частку Памор'я з Ругенам, апрача таго Штэтын, ды ўсéнькі абшар ля утоку Одэру, места Вісмар у Мэкленбургу, Брэмэнскае арцыбіскупства (бяз вольнага места Брэмэна), біскупства Вэрдэн, ды права належаць да Імпэрыі. Данскі кароль гэтак сама зрабіўся сябрам Імпэрыі, бо валадаў Гольштэйнам. Францыя захапіла ўсé валаданьні Габсбургаў у Альзасе на левым беразе Рэйну, на правым-жа беразе трымала гарнізоны ў крэпасьцёх (Брэйсгаў, Філіпсбург). Апрача таго, імпэратар зрокся ўсіх правоў на біскупствы Мэц, Туль і Вэрдэн, якія ўжо ад часоў Морыца Саксонскага фактычна належалі да Францыі. Так сама была прызнана незалежнасьць двух гаспадарстваў, якія ўжо даўно адарваліся ад Нямеччыны: Швайцарыі (ад 1499 г.) і Нідэрляндаў (ад 1555 г.).

b) Ў адносінах да Імпэрыі. Усім князём і вольным местам Імпэрыі была прызнана поўная самастойнасьць, права рабіць сувязі паміж сабой і з чужымі гаспадарствамі, абы толькі ня проці імпэратара і Імпэрыі; з другога боку, імпэратар адгэтуль нічога важнейшага ня мог пастанаўляць, асабліва ў справах рэлігіі, вайны і міру, падаткаў і г. д., без аднагалоснага дазволу штатаў Імпэрыі на сойме. Што-ж да валаданьняў асобных князёў, дык мелі быць адноўлены тыя-ж аносіны, якія істнавалі ў 1618 г. (г. зн. перад вайною). Але пры Баварыі астаўся Верхні Палятынат і электарскія