Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

правы. За тое Ніжні Палятынат быў вернены сыну Фрыдрыка V разам з электарскімі правамі, так што ў Імпэрыі стала ўжо восем электароў. Электарская Саксонія атрымала Лужыцы, Брандэнбурскі электар атрымаў даўнейшыя духоўныя княжствы Магдэбург, Гальбэрштадт, Міндэн, дый частку Памор'я.

2. У царкоўных справах:

Рэлігійная вольнасьць, устаноўленая аўгсбурскім соймам, была пашырана гэтак сама і на рэформатаў, проці чаго безрэзультатна выступалі лютаране, наперакор навет каталіком. Усім князём было сказана, каб прыхільна адносіліся да сваіх падданых іншае веры.

Рэзультаты-ж трыдцацілетняе вайны былі гэткія:

а) Для Нямеччыны былі яны дужа сумныя з пагляду экономічнага, культурнага, моральнага і палітычнага. Гэты даўней багаты і культурны край матэрыяльна дазнаў поўнага ўпадку, асабліва-ж было зруйнавана гандлёвае і прамысловае жыцьцё местаў. Разам з заможнасьцяй местаў счэзла і народная літэратура, што гэтак шырака разьвівалася сярод мяшчанства і давала дужа добрыя надзéі; счэзьлі і артыстычныя рамёствы[1]. Разам з моральным упадкам шляхты і насьледаваньнем ею францушчыны, вырасла вельмі фанабэрыя ў яé; а вясковае насяленьне зьбяднела і зьдзічэла да астатку. Нямеччына наагул страціла ня менш, як палову свайго насяленьня і ⅔ рухомае маемасьці. Дзьве тысячы местаў і некалькі дзесяткоў тысяч вёсак счэзьлі з паверхні зямлі. Разьвялося шмат ваўкоў і мядзьведзяў. Разбойныя банды прыгняталі жыхараў.

Нямеччына, саўсім разьбітая, зрабілася об'ектам інтрыг і захватаў суседніх гаспадарстваў; яны тварылі сабе партыі сярод князёў, якія дбалі найбольш толькі аб сваю карысьць. Імпэратарская ўлада стала саўсім бязсільнаю; затое ўдзельныя князі, атрымаўшы монаршую ўладу, зрабілі яé саўсім абсолютнаю, так што гінулі і рэшткі народнага прадстаўніцтва. Значэньне імпэратарскае ўлады памéншала; за тое вырасла значэньне Аўстрыі, як самастойнага гаспадарства.

Таксама паменшала і даўнейшае значэньне электароў Палятынату. У паўднёвай Нямеччыне найважнейшым князем адгэтуль зрабіўся Баварскі электар. У паўночнай-жа, побач з даволі йшчэ магутным электарам Саксонскім, выбіўся наперад Брандэнбурскі электар, які значна пашырыў сваé валаданьні далучэньнем часткі Памор'я і духоўных княжстваў, асабліва-ж паднялося яго значэньне, калі ён дастаў у спадчыну княжства Прусію.

  1. § 3