Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

небясьпечным. І толькі тады, калі Валенштэйн у Пільзэне зажадаў ад сваіх падкамандных пісанага забавязаньня і прысягі, што яны будуць слухацца выключна толькі яго, толькі тады імпэратар выдаў тайны загад, якім пазбавіў Валенштэйна камандаваньня. А пасьля, пераканаўшыся, што войска будзе слухаць не Валенштэйна, а яго, імпэратар адкрыта парваў з Валенштэйнам і абвесьціў яго бунтаўніком.

Пакінуты большасьцяй сваіх генэралаў і жаўнераў, Валенштэйн пачаў адыходзіць да граніцы, да войскаў кн. Вэймарскага; аднак, ён не пасьпеў ужо там схавацца, бо быў забіты сваімі ахвіцэрамі (1634). Імпэратар, хаця і не загадаваў забіваць Валенштэйна, але пасьля яго сьмерці сконфіскаваў маéтнасьці яго і нагарадзіў імі тых генэралаў, якія перайшлі былі на яго бок.

Войскі Валенштэйна былі яшчэ ў гэткім добрым стане, што навет пад слабою камандаю сына імпэратара, фэрдынанда, у бітве пад Нэрдлінген (1634) разьбілі Швэдаў і Бэрнара Вэймарскага, прымушаючы апошняга адступіць з паўднёвае Нямеччыны. Тады пачаліся перагаворы паміж імпэратарска-каталіцкаю партыяй і значнейшымі імпэрскімі князямі, на чале якіх стаялі электары саксонскі і брандэнбурскі. У канцы быў падпісаны мір у Празе (1635), які аднаўляў варункі аўгсбурскага міру; прызнаў ён гаспадарствам Імпэрыі вольнасьць аўгсбургскага вызнаньня, a спаўненьне рэстытуцыйнага эдыкту спыніў. Дзеля гэтага большасьць протэстанцкіх гаспадарстваў адпала ад Швэдаў і далучылася да імпэратара.

8. Апошнія гады трыдцацілетняе вайны. Тагачасны кіраўнік францускае палітыкі, кардынал Рашэльé[1], лічыў мамэнт пражскага міру адпаведным, каб абвесьціць вайну Аўстрыі і Гішпаніі. Швэды ня выходзілі з Нямеччыны, дый ня ўсé імпэрскія князі далучыліся да пражскага міру. Тут ня было ўжо і мовы аб вайнé рэлігійнай; Францыя змагалася, каб аслабіць Габсбургаў, Габсбургі-каб выратаваць сваё загрожанае палітычнае становішча, Баварыі патрэбны былі электарскія правы, а Швэдам-слава і здабыча. Да таго-ж ніводнае з гаспадарстваў не сьпяшалася канчаць вайну, бо яна ішла коштам нямецкага народу. За апошнія гады вайна што раз, то ўсё больш прыймала характар руйнуючы і дзікі; увесь час расла жорсткасьць і лютасьць жаўнераў, прагавітасьць ахвіцэраў і ваяводаў; вайсковая дысцыпліна пахіснулася да апошніх межаў, і швэдзкія жаўнеры, ў часы Густава Адольфа гэткія дысцыплінаваныя, цяпер гаспадарылі ў Нямеччыне, як у варожым краі: мучылі, рабавалі, забівалі, палілі ня горш за імпэратарскія войскі. Нямеччына абярта-

  1. § 10