Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

быў прымушаны адступіць у Чэхію. Але для протэстантаў і Швэдаў сьмерць Густава Адольфа была неўзваротнаю стратаю.

7. Палажэньне пасьля сьмерці Густава Адольфа. Сьмерць Валенштэйна (1634) і мір у Празе (1635). Адзіным трывалым рэзультатам кароткае дзéяльнасьці Густава Адольфа ў Нямеччыне было тое, што, дзякуючы яму, Швэдзія зрабілася першаю мілітарнаю сілаю ў Сярэдняй Эўропе, стаўшыся прыкладам ваеннае організацыі, насьледаваным па ўсім сьвеце. Войскі Густава Адольфа ўжо ня былі выключна швэдзкімі; яны складаліся ў большай часьці з нямецкіх войск пад нямецкаю камандаю.

За шасьцігадовую дачку Густава Адольфа пачаў вясьці палітычныя справы швэдзкі канцлер Оксэнштьерна. Гэта быў выдатны дзяржаўны дзеяч, якому карольнябожчык давяраў усе свае палітычныя пляны. Але яго ня слухаліся швэдзкія генэралы, а яшчэ менш-нямецкія протэстанцкія князі. Дзеля гэтае прычыны даўнейшая адзінасьць і вайсковая сіла протэстантаў аслабéлі. Аднак, усé адчувалі патрэбу нейкае організацыі, і затым была створана протэстанцкая Ліга, якую завязалі ў Гэйльброне (1633) станы чатырох акругоў Нямеччыны і Шведы, каб разам весьці вайну і дзяліць здабычу. Камандаваць войскам мéліся Бэрнар Вэймарскі і адзін з швэдзкіх генэралаў (наўпéрад Горн), палітычнае-ж кіраўніцтва асталося ў руках Оксэнштьерны. Гэйльбронскі саюз умовіўся з Францыяй, і Рышэльé абяцаўся і надалей даваць падмогу грашмі, абы толькі не дапусьціць, каб дзе-небудзь над Рэйнам умацаваліся Гішпанцы. Затое саксонскі электар, вельмі няпрыхільны да саюзу з Францыяй, паціху ўмаўляўся з Валенштэйнам.

А Валенштэйн пасьля свае няўдачы пад Люццэнам скіраваўся ў Чэхію быццам дзеля таго, каб вярбоўкаю узмацаваць сваё значна пацярэбленае войска, ды там і аставаўся, нічога ня робячы. Ён яшчэ не забыўся аб крыўдзе, якая была яму зроблена імпэратарам, не забыўся аб сваёй адстаўцы і падумаваў, карыстаючыся з свайго высокага становішча, як-бы памсьціцца на імпэратары і Імпэрыі, ды разам з тым здаволіць сваю прагавітую амбіцыю; разьлічаў ёй пры гэтым на армію, якая, як ён думаў, была аддана яму душою і цéлам. Думаў ён аб становішчы экектара, або аб чэскай кароне. Дзеля гэтага ён патаемна пробаваў завязаць зносіны і з саксонскім электарам, і з Шведамі, і навет з Французамі, але ні ў каго не знайшоў веры.

Імпэтатар, якога з усіх бакоў перасьцерагалі перад Валенштэйнам, ужо быў перакананы, што той яго здраджае, але баяўся выразна аб гэтым заявіць, бо лічыў такі крок