Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

яго. Калі-ж Тільлі хацеў гэтак сама зрабіць з саксонскім электарам, дык той сам ужо аддаўся пад загад швэдзкага караля.

І вось пад Лейпцыгам сустрэліся два супраціўнікі. Тільлі, які дагэтуль выйграў тры бітвы, ня мог зраўнавацца ў ваенным дзеле з Густавам Адольфам і быў ганебна разьбіты.

Палажэньне адразу-ж зьмянілася. Густаў Адольф, усё перамагаючы ў сваім паходзе, пасьпяшыў на захад, над Рэйн, каб вызваліць 3 міліёны протэстантаў у краёх над Рэйнам і Майнам. Адтуль ён пайшоў у Баварыю. Надарэмна Тільлі прабаваў загарадзіць яму дарогу, стаўшы над р. Ле́хам пры ягоным утоку ў Дунай; ён быў ізноў разьбіты, ды яшчэ і ранены на сьмерць. Не дапускаючы ніякіх гвалтаў над нясяленьнем, Густаў Адольф увайшоў у Мюнхэн.

Ён ужо думаў аб тым, каб эвангеліцкую Нямеччыну злучыць у моцны саюз пад сваёю апекаю, а можа навет абвесьціць сябе імпэратарам. Тады Фэрдынанд і Максіміліян, бачучы сваю бяду, зьвярнуліся да адзінага чалавека, які ім мог памагчы — да Валенштэйна, які, пасьля свае дымісіі, адпачываў у сваіх чэскіх мае́тнасьцях. Валенштэйн доўга адгаварваўся, але ўканцы згадзіўся вербаваць войска і выступіць, аднак з тэй умовай, што ён будзе мець неабмяжованую найвышнюю ўладу ў войску. Імпэратар павінен быў саўсім не мяшацца ў справу вядзеньня вайны; апрача таго, у прыпадку, калі-б Мэкленбург быў утрачаны, Валенштэйн атрымаў-бы іншае гаспадарства ў Імпэрыі.

Густаў Адольф чакаў новага супраціўніка пад Нюрнбэргам. Праз некалькі тыдняў два ворагі стаялі адзін проці аднаго ў добра ўмацаваных лагярох; уканцы кароль, з прычыны недахвату провіянту, кінуўся на варожыя акопы, але быў адбіты. Тады ён вышаў з лагеру і скіраваўся з сваім войскам у Баварыю, спадзяючыся, што Валенштэйн пагоніцца за ім усьлед. Той, аднак, паслаў у Баварыю толькі электара Максіміліяна, сам-жа скіраваўся ў Саксонію, каб сілай прымусіць электара пакінуць Густава Адольфа і далучыцца да імпэратара. Атрымаўшы гэтую вестку, швэдзкі кароль таксама зьвярнуўся на поўнач, дагнаў Валенштэйна пад Люццэн (на паўночны захад ад Лейпцыгу) і прымусіў яго прыняць бітву ў імглістую лістападавую раніцу (1632). Войскі імпэратара пасьля няўдачных для іх рэзультатаў бітвы ўжо зьбіраліся адступаць, калі адважны генэрал коньніцы Папэнгэйм прыскочыў з сваімі сьвежымі палкамі і, рызыкуючы ўласным жыцьцём, прымусіў войска стрымацца. Тады Густаў Адольф кінуўся ў самы вір барацьбы і знайшоў сабе́ сьмерць, прабіты некалькімі кулямі. Замест яго галоўную команду ўзяў кн. Бэрнар Вэймарскі. Раз’юшаныя стратаю свайго улюбленага правадыра Швэды біліся вельмі заўзята і бліскуча перамаглі ворагаў. Разьбіты Валенштэйн