Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што тут ішло аб зьніштажэньне протэстанцтва, было відаць хоць-бы з адносінаў да вольных местаў, асабліва-ж да Аўгсбурга, дзе забаронена было адпраўляць протэстанцкія набажэнствы. Протэстанты голасна протэставалі, але толькі адзін Магдэбург адважыўся даць рашучы адпор. Князі ў той самы час голасна жаліліся на Валенштэйна, што ён, ня глéдзячы на падпісаны ўжо мір, павялічуе свае войскі з вялікай крыўдай і небясьпекай для князёўскіх абшараў. Імпэратар на зьéзьдзе ў Ратызбоне, хочучы прыхіліць электароў да таго, каб яны выбралі ягонага сына за рымскага караля, згадзіўся ўрэшце на дамаганьні князёў і адабраў ад Валенштэйна камандаваньне.

Блізка ў тым-жа часе на Памор'і зьявіўся новы абаронца протэстанцтва, швэдзкі кароль Густаў Адольф, унук Густава Вазы. Гэта быў адважны і дазнаны ваявода; ягоныя войскі, добра дысцыплінаваныя і выпрактыкаваныя ў шмат якіх войнах і бітвах, былі захоплены рэлігійным протэстанцкім духам і дужа любілі свайго правадыра.

6. Высадка Густава Адольфа. Бітвы пад Лейпцыгам і Люццэнам. (1630-1632). Густаў Адольф, як шчыры протэстант, хацеў даць помач прыгнечаным аднаверцам у Нямéцкай Імпэрыі; таксама і інтарэсы ягонага ўласнага краю, як здавалася, вымагалі хуткага дзеяньня: бо імпэратарскія войскі ўжо былі стаялі на паўночных узьбярэжжах Нямеччыны, і не хапала толькі караблёў, каб у скандынаўскіх гаспадарствах сілай аружжа скасаваць палітычныя і рэлігійныя вольнасьці. Густаў Адольф думаў, што найлягчэй яму будзе збавіцца ад небясьпекі, калі сам першы распачне вайну, а Рышэльé, вялікі міністар Францыі, які баяўся перавагі Габсбургаў, яшчэ падгавараваў яго, сулячы да таго-ж значную помач у будучыне.

Густаў Адольф з 15.000 войска высадзіўся на востраве Узэдом, заняў Памор'е і Мэкленбург, дзе імпэратарскія войскі, астаўшыся без правадыра, не маглі яму даць адпору. Пасьля пасьпяшыў ён на помач Магдэбургу, якога аблягаў Тільлі. Брандэнбурскі і саксонскі электары, забыўшыся аб інтарэсах сваіх аднаверцаў, ня толькі не хацелі далучыцца да яго, але навет не прапускалі праз сваé землі. Гэтая ганебная палахлівасьць протэстанцкіх князёў сталася прычынаю загубы Магдэбургу. Тільлі здабыў штурмам гэтае места, якое да апошняе часіны баранілася з гэроізмам адчаю, высек у пéнь блізка ўсё яго насяленьне, а ўканцы пусьціў па ім гуляць агонь. Пераможнік даносіў у Вéну: "Ад часоў разбурэньня Троі і Ерусаліму ніхто ня бачыў гэткае вікторыі"...

Абураны гэткім дзікунствам Густаў Адольф пагрозамі прымусіў брандэнбурскага электара, каб той далучыўся да