Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нездаволеньне сярод князёў і давяло да раздваеньня ў згодным дагэтуль каталіцкім лагеры.

5. Спрэчка Фердынанда ІІ з Лігаю; рэстытуцыйны эдыкт (1629); адстаўка Валенштэйна. Да таго часу, пакуль на гістарычную арэну ня выступіў Валенштэйн, інтарэсы імпэратара, дынастыі Габсбургаў і Лігі былі згодныя з сабою.

Перамога протэстантаў у спадчынных аўстрыяцкіх краёх моцна пагражала ўсім каталіцкім князём, і затым Максіміліян з Лігаю гэтак стараліся памагчы імпэратару усьцішыць чэскае паўстаньне. Але для імпэрскіх князёў ня менш небясьпечным, ня гледзячы на іхняе вызнаньне, быў вялізарны ўзрост улады імпэратара, які ўжо мéў сваю армію і свайго ваяводу, чаго ад часу Караля V не здаралася. Дый гэтага мала. Валенштэйн казаў адкрыта, што не супачыне, пакуль імпэратар ня будзе гэткім самым гаспадаром у Нямеччыне, як францускі кароль-у Францыі. Ён разсылаў сваіх вярбоўшчыкаў на абшары ўсіх імпэрскіх князёў і ўсюдых трэбаваў, каб ягоным войскам давалі ўтрыманьне і кватэры. Таксама казаў Валенштэйн, што ўсé князі, каталіцкія і протэстанцкія, павінны слухацца імпэратара, як свайго валадара і пана, які пры помачы сваёй арміі можа іх і прымусіць да пакоры; з другога боку, ён уважаў, што, калі князі будуць паслухмяныя імпэратару, дык ім трэба забясьпечыць незачэпнасьць іхняе маемасьці і рэлігійную свабоду.

Думкі Валенштэйна ў справе рэлігійнай ня зыходзіліся з жаданьнямі каталіцкіх князёў і Лігі, якія хацелі адабраць у протэстантаў усé захопленыя імі пасьля пасаўскага замірэньня маетнасьці і княжствы; бо замірэньне гэнае толькі пацьвярдзіла даўнейшыя захваты. Імпэратар Фердынанд ІІ стараўся пагадзіць гэтыя супярэчнасьці, каб і затрымаць пры сабе Валенштэйна, і ад протэстантаў паадбіраць тое, што яны пазаймалі ўжо пасьля рэлігійнага міру. Дзеля гэтага ён выдаў рэстытуцыйны эдыкт (1629), на моцы якога 2 арцыбіскупствы, Магдэбург і Брэмэн, 12 біскупстваў у Нямеччыне і больш за 100 аббацтваў ды іншыя царкоўныя маемасьці, пазайманыя протэстантамі, загадаў вярнуць каталіком; у Імпэрыі дазволена было жыць толькі лютаранам, а кальвіністам-нé. Аўгсбурская міравая ўмова гэтаму выключэньню нелютаранаў надавала быццам нейкі цень законнасьці. Такім чынам, ня толькі ўсé кальвінскія краі былі пакінуты вонках закону, але і ў чыста лютаранскай паўночнай Нямеччыне шмат даўнейшых духоўных земляў дасталося-б ізноў пад панаваньне каталіцкіх біскупаў ды арцыбіскупаў, якім імпэратар саўсім выразна даў права прымушаць сваіх падданных да прыняцьця каталіцтва.