Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заўсёды ўмацаваныя пазіцыі, ён прыймаў бітву толькі тады, калі быў пэўны, што пераможа. Дзеля гэтага ў хуткім часе ён зрабіўся вельмі популярным сярод сваіх жаўнераў і здабыў сабе славу непераможнага ваяводы.

Валенштэйн пачаў сваю дзейнасьць з таго, што ўвёў сваю армію ў валаданьні магдэбурскага арцыбіскупства для зьбіраньня контрыбуцыі і рэквізіцыяў. Далей ён на ўмацаванай пазіцыі ля мосту на Эльбе, пад Дэсаў, разьбіў Мансфэльда, які, наняты за англійскія грошы, мéўся выступаць у лучнасьці з каралём данскім, Крыштынам ІV.

Валенштэйн гнаў Мансфэльда праз Сілезію ў Вэнгрыю, дзе той у хуткім часе і памёр. Вярнуўшыся ў Сілéзію, ён усьмірыў тамтэйшыя месты і правёў срогія рэпрэсіі.

А тым часам Тільлі разьбіў данскага караля каля паўночнага падножжа Гарцскіх гораў (1626). Далейшую працу ў данскай вайне ваяводы падзялілі між сабою гэтак, што Тільлі выпала цяжкая і няўдзячная аблога ўмацаваных местаў ніжня-саксонскага вокругу, а Валенштэйн выбраўся ў пагоню за Крыштынам ІV у Гольштын і Шлезьвік і ў хуткім часе заняў усé данскія валаданьні на сухаземлі, так што данскаму каралю аставаліся толькі астравы, куды нельга было дабрацца бяз флëту.

Каб захапіць балтыцкія порты, Валенштэйн заняў княжствы Мэкленбург і Памор'е, хаця-ж яны і ня бралі ніякага ўчасьця ў вайне. Валенштэйн, якога імпэратар зрабіў адміралам („генэралам") Балтыцкага Мора і Акеану, мéўся стварыць вялікі флёт, каб пакарыць Голяндцаў і Швэдаў і аддаць паўночную Эўропу пад панаваньне Габсбургаў. Ідучы да гэтае мэты, ён дамагаўся, каб прыморскія месты прынялі да сябе гарнізоны імпэратарскіх войскаў. Мéсты гэтыя, як маглі, упіраліся проці гэтага дамаганьня, бо ўсюдых добра вéдалі звычаі Валенштэйнаўскіх войскаў: цяжкія дастаўкі, рэквізіцыі і рабункі жаўнераў. Толькі дзе-не-дзе ўдалося Валенштэйну пагрозамі дабіцца прыняцьця гарнізонаў. Штральзунд, добра ўфортыфікаванае ды падтрымліванае Шведамі места, даў адважны адпор ягоным сілам. І хоць ён выхваляўся, што здабудзе гэтае места, хоць бы яно было ланцугамі прымацавана да неба, але ў канцы мусіў адступіць, страціўшы пад мурамі места 12000 людзей (1628). Гэтая няўдача прымусіла яго зрабіць мір з Крыштынам ІV. Каралю былі вернены ўсе ягоныя валаданьні, за што ён павінен быў абяцаць немяшацца больш да нямецкіх спраў, зрачыся ўсякіх прэтэнсій на духоўныя княжствы і прызнаць усé тэрыторыяльныя зьмены ў ніжня-саксонскім вокрузе.

Валенштэйн у нагароду атрымаў княжства Мэкленбурскае і такім чынам стаўся адным з найбольш значных князёў Імпэрыі. Але ўсё-ж ягонае становішча выклікала вялікае