Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

4. Ніжнесаксонская вайна. Валенштэйн і ягоная армія. Пад ударамі супраціўнікаў падала протэстанцтва ў Паўднёвай Нямеччыне; зьмены-ж, якія былі зроблены паміж электарамі, давалі поўную перавагу каталіком ў электарскай колегіі. Аднавіўся саюз абедзьвюх лініяў Габсбургаў, а гішпанская ўлада над верхнім Рэйнам адразу паднялася.

Тільлі гнаў Мансфэльда і кн. Брунсьвіцкага аж да Вэстфаліі. Але замéста таго, каб, прагнаўшы іх, самому пачаць адступленьне назад, ён пачаў адбіраць цэрквы ў протэстантаў, садзіць тамака езуітаў і г. д.

Тады князі і месты Ніжняе Саксоніі (гэтак называлі стары саксонскі край паміж Вэзэрам і Эльбаю), пад кіраўніцтвам Крыштына ІV, князя Гольштынскага і караля Даніі, пачалі бараніцца. Адначасна выступілі з Голяндыі і Мансфэльд з кн. Брунсьвіцкім на чале войска, толькі што навербаванага за голяндзкія, англійскія і францускія грошы. Ліга не магла зраўняцца сілаю з гэткім саюзам, а імпэратар, чалавек досіць лёгкадумны, як і заўсёды, гатоўкі ня меў, дык і войска сабраць ня мог.

У гэтую крытычную мінуту вывеў яго з клопату чэскі шляхціц Альбрэхт Вальдштэйн, называны звычайна Валенштэйнам, які даў імпэратару армію, навербаваную спосабам Мансфэльда. Гэты чалавек, верна стоючы пры Фэрдынандзе ІІ, ня гледзячы на процілежнасьць гэтага да інтарэсаў яго родзічаў, вельмі заслужыўся каралю, як ваявода коньніцы. Пасьля перамогі ён атрымаў значныя нагароды з сконфіскаваных маетнасьцей і, скупляючы за бязцэнак яшчэ шмат іншых (быццам-то навет за фальшывыя грошы), стварыў сабе абшырныя валаданьні - Фрыдлянд і атрымаў ад імпэратара тытул князя Фрыдляндзкага.

Валенштэйн заявіў імпэратару, што зьбярэ для яго вялікія вайсковыя сілы, якія нічога ня будуць яму каштаваць, бо плату для сябé яны будуць самі зьбіраць з рабункаў, або з рэквізіцыяў. Хутка Валенштэйн распачаў вярбоўку. З усіх канцоў сьвету пачалі наплываць на голас барабану прагавітыя на кроў і рабунак грамады людзей, і з гэтае зьбераніны Валенштэйн, гэты майстар жаўнерскае штукі, у надзвычайна кароткім часе зрабіў войска, здатнае да бою. Праз час вайны гэтых разбойных бандаў прыбывала ўсё больш і больш.

Для Валенштэйнавых ваякаў надзяваць дзяцей на пікі, абсякаць сялянам насы, вушы і ногі, пушчаць з дымам цэлыя месты-было мілаю забаваю. Валенштэйн дзяржаў іх у срогай дысцыпліне і поўным послуху ў-ва ўсім тым, што датыкалася вайсковае справы; ў-ва ўсім-жа іншым даваў ім поўную волю (на рабункі і забойствы!). Войскам ён рупна апекаваўся, выбіраў для яго найлепшыя кватэры; займаючы