Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з ня надта бліскучымі здольнасьцямі і слабой энэргіяй, заместа таго, каб бараніцца ў умацаванай Празе, уцёк у Голяндыю. Чэхі, астаўшыся без галавы, паддаліся. Тады пачаўся страшны суд. Сказьнілі 27 правадыроў; многа шляхты і мяшчанства конфіскацыяй іх маêтнасьцей былі абéрнуты ў жабракаў; вольнасьці краю зьніштожаны. Фэрдынанд ІІ ўласнымі рукамі падзёр маестатычны ліст. Протэстанцкіх прапаведнікаў павыганялі з краю, а на іх месца цэлымі масамі наплывалі езуіты і іншыя манахі; там, дзе намова апошніх не памагала, наварачаньне на каталіцтва даручалася бандам жаўнераў, якіх пасылалі на пастой у протэстанцкія хаты. Такім чынам каталіцкая царква дабілася трыумфу: звароту бацькаўшчыны Гуса на сваё ўлоньне.

Гэтак сама сталося і ў іншых аўстрыяцкіх краëх; толькі ў Вэнгрыі протэстанцтва ня было саўсім зьніштожана.

3. Вайна ў Палятынаце. (1621 - 1623). Чэскае паўстаньне было толькі пачаткам пажару, які ў хуткім часе абняў усю Нямеччыну; прычынаю яго была помста Фэрдынанда і амбіцыя Максіміліяна. Цяпер трэба было адабраць ад "зімовага караля" (Фрыдрык V быў каралём толькі адну зіму) яго спадчынны край — Палятынат, бо імпэратар, у аддзяку за прыслугі, абяцаў свайму прыяцелю Максіміліяну становішча электара Палятынату. На Фрыдрыка V была наложана баніцыя; протэстанцкая Унія, заместа таго, каб бараніць свайго хаўрусьніка, спалохалася войскаў Лігі і саўсім развалілася. Ніжні, надрэйнскі Палятынат часткамі займалі гішпанскія войскі, бо Ліга была зрабіла хаўрус з Гішпаніяй. У сумéжным з Чэхіяй Палятынаце вëý вайну гр. Мансфэльд, ваявода, які быў на службе ў чэскіх станаў.

Гр. Мансфэльд стаўся прыкладам партызана часоў трыдцацілетняе вайны. Тады вайсковая справа ўсюдых была рамяслом. Каму былі патрэбны жаўнеры, той, як цяпер наймаюць работнікаў на жніво ці на будоўлю дамоў або дарог, наймаў іх дзеля вайны, умаўлаючыся з прадпрыемцам-правадыром, які сам, або праз сваіх ротмістраў вербаваў жаўнераў і толькі тады атрымліваў умоўленую для іх плату, калі прыводзіў гатовае ўжо войска. Мансфэльд, якому чэскія станы не плацілі, бо ня мелі чым плаціць, першы паказаў, што можна утрымаць войска і бяз платы, карыстаючыся рэквізіцыямі і рабункамі. Гэты спосаб пасьля знайшоў шмат насьледавальнікаў. Ужо ў тым самым часе і ў тым самым Палятынаце гэтак рабілі некалькі дробных князёў (маркграф Бадэнскі, Крыштын Бруншвіцкі). Ваявода Лігі, Тільлі, усіх іх пачарзе разьбіў і, разам з Гішпанцамі, заняў надрэйнскі Палятынат (1623). І вось над зруйнаваным вайною краем паднялася заслона для трагікомэдыі, якую называюць прымусовым наварачаньнем.