Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

2. Чэскае паўстаньне (1618-1620). Мацей шчыра падтрымліваў каталікоў і ў іншых аўстрыяцкіх краëх. Станы ўсіх аўстрыяцкіх краёў імкнуліся да больш цéснага злучэньня ў адну цэласьць; калі-ж імпэратар на гэта не згадзіўся, яны пачалі знасіцца з протэстанцкаю Уніяй. Мацей быў ужо стары і бязьдзéтны; дзеля гэтага ў сям'і пастанавілі старацца, каб ужо пры яго жыцьці наступнікам для Чэхіі і Вэнгрыі быў прызнаны малады кн. Фэрдынанд, з Штырыйскае лініі Габсбургаў[1]. Быў-жа гэта, як і сябра ягоных маладых гадоў, Максіміліян Баварскі, гадунец і фанатычны прыхільнік езуітаў. Некалісь, у часе багамольнае падарожы, ён абяцаўся, што ў сваіх спадчынных краёх згняцé ўсякую гэрэзію, хоць бы іх для гэтага прышлося абярнуць у пустыню. Ён ужо зрабіў пачатак выпаўненьня свайго пляну ў Штырыі, грунтоўна цярэблючы там протэстанцтва пры дапамозе капуцынаў і езуітаў. Вéдама, такі кандыдат на карону ня вельмі падабаўся ў Чэхіі ды Аўстрыі; але як ён пацьвердзіў маестатычны ліст, дык яго і прызналі каралём чэскім.

Ледзь толькі Фэрдынанд надзéў на галаву сваю чэскую карону, як распачаў прасьледаваньні горшыя, чым калі бывала. Калі пражскі арцыбіскуп без усялякае прычыны загадаў разбурыць адну протэстанцкую царкву, а Мацей на скаргі протэстантаў адказаў пагрозамі, тады правадыры чэскае шляхты з гр. Турнам на чале скіраваліся конна ў Прагу, ўварваліся на замак і тамака двох найбольш ненавісных намесьнікаў, Марцініца і Славату, разам з іхнімі пісарамі выкінулі праз вакно ў глыбокі замковы роў (на 60 стоп). У хуткім часе ўвесь край быў абхоплены агнём паўстаньня.

Калі пасьля Мацея, які ў тым часе памёр, выбралі ў Франкфурце імпэратарам Фэрдынанда ІІ, чэскі сойм абвесьціў, што скідае яго з свайго каралеўскага пасаду, і выбраў за караля Фрыдрыка V, электара Палятынату. Фэрдынанд апынуўся ў трудным палажэньні; усюдых у ягоных краëх кіпела паўстаньне, а грошай, каб выставіць адпаведнае войска, ён ня меў.

Тады Максіміліян, кн. Баварскі, запрапанаваў яму помач лігі, якая мела добра ўзброенае і вымуштраванае войска і слаўнага ваяводу, бэльгійца Тільлі, вучня кн. Фарнэзэ. Унія-ж Фрыдрыку V, які прыняў чэскую карону, помачы не дала, а найдужэйшы з протэстанцкіх князёў, саксонскі курфюрст, праз ненавісьць да кальвініста-палятына, прылучыўся да імпэратара.

У генэральнай бітве пад Бéлай Гарою (каля Прагі) (1620) паўстанцы былі саўсім разьбіты. Фрыдрык V, чалавек

  1. § 7. Генэалёгічная табліца Габсбургаў у часе рэформацыі.