Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

валаданьні быццам дзеля сплаты яму ваенных коштаў і пачаў гостра прасьледаваць рэлігію і грамадзянскія вольнасьці.

Гэты гвалт, зроблены над вольным эвангеліцкім местам, збудзіў протэстантаў з дрымоты, на якую дазваляла ўперад пачуцьцё поўнае бясьпечнасьці.

За абарону ўзялася пакуль што толькі частка протэстантаў, а ўласьціва паўднёвыя, больш схіляючыяся да рэформаванае веры, тады, як чыста лютаранскія паўночныя протэстанты, варожа настроеныя да паўднёвых, трымаліся яшчэ збоку. Паўднёва-нямецкія протэстанцкія месты і князі на зьéзьдзе ў Ангаўзэн зрабілі протэстанцкі саюз або Унію дзéля супольнае абароны пад кіраўніцтвам электара Палятынату. Душою гэтага саюзу быў галоўны райчы кн. Палятынату, кн. Ангальцкі.

Гэны гарачы протэстант абаронную дзейнасьць хутка зьмяніў на зачэпную, зьвязаўшыся з Нідэрляндамі і Гэнрыкам ІV. А рабілася ўсё гэта якраз у той час, калі першы Бурбон прыгатаўляўся да бою з Габсбургамі за гэгемонію ў Заходняй Эўропе[1], а каталіцтву ў Нямеччыне, асабліва духоўным князём, пагражала паважная небясьпека. Падбураныя Максіміліянам, кн. Баварскім, духоўныя князі цераз год пасьля Уніі (1609) злучыліся з ім у саюз, называны каталіцкаю Лігаю, якая адразу-ж увайшла ў зносіны з гішпанскім урадам. Імпэратар і Габсбургскі дом не далучыліся да Лігі, таксама як чыстыя лютаране і саксонскі курфюрст не далучыліся да Уніі. Ужо тады чуць ня выбухнула рэлігійная вайна ў Нямеччыне. Неспадзяваная сьмерць Гэнрыка ІV адцягнула яе на нейкі час.

Крыху пазьней спынілася прасьледаваньне протэстантаў у Аўстрыі з прычыны сямéйнае спрэчкі ў дому Габсбургаў. Сваякі Рудольфа ІІ стараліся адабраць у яго ўладу, як у няпрытомнага, і перадаць ягонаму брату, амбітнаму Мацею. З гэтае прычыны пачалася звадка між братамі, з якое скарысталі протэстанты, дабіваючыся ад абодвух свабоды вызнаньня. Рудольф ІІ мусіў даць Чэхам рэлігійную волю, выдаючы г. зв. маестатычны ліст; гэты ліст разам з усімі грамадзянскімі вольнасьцямі зацьвердзіў Мацей, як толькі яму ўдалося выдаліць з краю брата. Аднак, пачуўшы сябе, пасьля сьмерці Рудольфа ІІ (1612), безсупярэчным валадаром кароны і атрымаўшы тытул імпэратара, ён стараўся ўсякімі выкрутамі скасаваць ці хоць аслабіць імпэратарскі ліст, каб зьніштожыць у краю протэстанцтва.

Пачалі зачыняць цэрквы, пабудаваныя протэстантамі; у протэстанцкіх вёсках садзілі каталіцкіх духоўнікаў; усé-ж скаргі ў Вéне адкідаліся.

  1. § 8