Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзякуючы гэтаму, Францыя гэтак хутка і высака паднялася з экономічнага боку, што яе кароль мог ужо ўдачна выступаць і ў сусьветнай палітыцы. Усімі сіламі стараўся Гэнрык ІV аслабіць Аўстрыю, якую лічыў адвечным ворагам Францыі. Мéўся ён даць помач нямецкім протэстантам, якім пагражаў імпэратар, і адначасна напасьці на Габсбургаў у Італіі і Гішпаніі.

Ўсё ўжо было гатова, каб распачаць гэтае вялікае дзела, калі Гэнрык ІV паў ад рукі забойцы, фанатычнага клерыка Равайяка. Рука гэтага шалёнага перасéкла ніць жыцьця адважнага, разумнага і добрага валадара. Перадчасная яго сьмерць была вялікаю стратаю для Французаў, дык павінна была таксама зрабіць уплыў і на падзеі ў Эўропе.

§ 9. Трыдцацілетняя вайна.

1. Пролёг (1607 - 1617). Ад часу аўгсбурскага міру. Нямеччына збольшага жыла спакойна, бо нямецкія Габсбургі доўгі час былі шмат больш толерантнымі, чым іхнія сваякі ў Гішпаніі. Брат Караля V, Фэрдынанд, навучаны сумным дасьведчаньнем, стаўся больш лагодным і прыхільным да згоды, а ягоны сын Максіміліян ІІ (1564-1576) не працівіўся таму, што навет у яго спадчанных краёх запанавала протэстанцтва, блізка саўсім выціснуўшы старую веру. Максіміліян быў чалавекам падобнага-ж пакрою, як Гэнрык ІV, і калі ён не перайшоў адкрыта на протэстанцкі бок, дык у гэтым вінаваты найбольш агідныя сваркі паміж прадстаўнікамі протэстанцтва. Тож-бо ў лютаранскай Саксоніі "збаламучаных кальвінскім чартом" садзілі ў васторгі, бралі на мукі, ды навет казьнілі.

Іначай дзéялася пры сыне Максіміліяна ІІ, Рудольфе ІІ. Узгадаваны пры гішпанскім двары, быў ён пад уплывамі езуітаў і дзеля гэтага адносіўся варожа да протэстанцтва ня толькі ў сваіх спадчынных краёх, але і ў Імпэрыі. Але быў ён монархам няўдалым, і яго няпрыхільнасьць для протэстанцтва была-б саўсім ня страшнаю, калі-б маладому князю Баварскаму, Максіміліяну I, узгадаванаму на гарачага каталіка і рваўшамуся да дзела, не захацелася іграць у Нямéччыне таé самае ролі, як Гізы ў Францыі.[1]

У лютаранскім месьце Донаўвэрт у 1607 г. здарыліся непарадкі з таé прычыны, што быццам протэстанты напалі на каталіцкую процэсію.

Карыстаючыся гэтым, кн. Максіміліян ад іменьня імпэратара заняў войскам гэтае места, затрымаў яго ў сваім

  1. § 8