Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стаялі на нізкай ступені культурнага разьвіцьця і ваяўніцтвам не вызначаліся. Другую падарожу Колюмб адбыў (1493—1496) з вялікшым флётам, які павінен быў даць яму магчымасьць заваяваць адкрытыя краі. Гэтым разам Колюмб адкрыў Ямайку, Порторыко і некалькі спаміж Малых Антыльскіх астравоў. Тутака ўсюды жылі дзікія Караібы. З прычыны таго, што ў той час Гішпанцы страцілі ахвоту да далёкіх марскіх падарожаў, гішпанскі ўрад для трэцяе падарожы (1495-1500) замест жаўнераў даў Колюмбу злачынцаў, засуджаных на сьмерць. Колюмб гэтым разам адкрыў востраў Трынідад і вусьце ракі Орыноко. Вялікае багацьце вады ў гэтай рацэ даводзіла, што яна плывець з абшырнага контынэнту; аднак, Колюмб думаў іначай і даводзіў, што прычынаю моцнага цячэньня ракі ёсьць спад вады з вялікае вышыні.

З прычыны бунтаў, якія ўзьняліся паміж гішпанскімі каляністамі на Гаіті, урад скінуў Колюмба з яго становішча. Новы губэрнатар, Францішк Бобадільля, загадаў закаваць яго ў кайданы і выслаў у Гішпанію. Тамака па загаду караля Фердынанда і каралевы Ізабэльлі яго ўраз-жа звольнілі, шчодра абдорылі і далі яму караблі для чацьвертае падарожы (1502-1504). Тады Колюмб адкрыў контынэнт Сярэдняе Амэрыкі. Вярнуўшыся ў Гішпанію, дарэмна даходзіў Колюмб абяцаных яму гішпанскім урадам дастаенстваў і даходаў; ды ў хуткім часе памёр у Вальядолідзе (1506). Памёр ён, ня ведаючы, што адкрыў новую часьць сьвету: ён быў перакананы, што даехаў толькі да ўсходняга узьбярэжжа Індыі. Адкрытыя ім астравы назвалі Заходняй Індыяй, а жыхараў-індыянамі.

Амэрыго Вэспучы з Флёрэнцыі аб'éзьдзіў і апісаў краі, адкрытыя Колюбам; ён адкрыў і новыя Землі на паўднёвым контынэнце Новага Сьвету, і ад яго яны атрымалі агульны назоў Амэрыкі.

с) Адкрыцьці ў Амэрыцы. Новыя адкрыцьці хутка йшлі адно за адным. Вэнэцыянін Кабо з даручэньня англійскага караля Гэнрыка VІІ выплыў у Атлянтыцкі акеан і адкрыў контынэнт Паўночнае Амэрыкі, дайшоўшы да астравоў Ньюфаўнленд і Лябрадор (1497). Гэтыя часткі Амэрыкі фактычна былі ўжо адкрыты за 500 гадоў раней, бо яшчэ ў Х веку Нарманы з Ісляндыі, папаўшы ў Грэнляндыю, адтуль каля 1000 г. былі дабраліся да паўночна-заходняга узьбярэжжа Паўночнае Амэрыкі. У пазьнейшыя часы, аднак, усякія зносіны паміж Ісляндыяй і Грэнляндыяй спыніліся.

Португалец Кабраль (у 1500 г.) выпадкова адкрыў Бразылію, якая і зрабілася португальскай калёніяй. Гішпанец Бальбоа, перабраўшыся праз Панамскую шыю, адкрыў (у