рочацца кружнаю дарогаю, каля шкотляндзкіх узьбярэжжаў; па дарозе, аднак, страшная бура зьніштожыла блізка ўвесь непераможны флëт, і толькі рэшткі яго вярнуліся ў Гішпанію. У рэзультаце гэтага паходу на Англію Піліп ІІ меў такую страту: 72 вялікіх караблёў, сьмерць 20.000 людзей і выдатак поў міліярда франкаў.
7. Голяндцы ў Індыі. Канец барацьбы за незалежнасьць (1609). Нідэрляндцы гэтак былі рады з перамогі Англіі, як-бы гэта была іхняя ўласная перамога.
Праз некалькі гадоў памёр самы небясьпечны вораг Нідэрляндцаў, кн. Пармскі; ён здалеў выратаваць для Гішпаніі толькі паўднёвыя провінцыі Нідэрляндаў, якія ад таго часу стварылі асобную суцэльнасьць пад назовам Бэльгіі. Калі кн. Пармскаму не ўдалося споўніць усяго свайго заданьня, дык у гэтым шмат вінен Піліп ІІ. Не ўважаючы на няўдачу з Англіяй, ён мяшаўся да хатніх войнаў у Францыі і два разы высылаў туды кн. Пармскага з найлепшым войскам з нідэрляндзкіх гарнізонаў. Голяндцы-ж у Морыцу Оранскім, сыне Вільгэльма, знайшлі йзноў выняткова здольнага ваяводу; ён вызваліў паўночныя провінцыі, ды навет адбіў ў Гішпанцаў некаторыя паўднёвыя мясцовасьці.
Але найбольш стратаў мела Гішпанія на моры. Па акеане бязупынна снавалі англійскія ды голяндзкія корсары і давялі колëніяльны гандаль Гішпаніі да поўнага ўпадку. Раз навет так здарылася, што англійска-голяндзкая флëтыльля ўварвалася ў гішпанскі порт Кадыкс, затапіла гішпанскі флёт, які там тады знаходзіўся, ды зрабавала і спаліла гэнае багатае места.
Найцяжэйшая доля спаткала Португалію, якая супроць свае волі была зьвязана з Гішпаніяй. Піліп ІІ зачыніў доступ у Ліссабон для Голяндцаў, якія да таго часу вывозілі з гэтага порту індыйскія тавары. Тады Голяндцы надумаліся, што яны і самі могуць чарпаць з усходня-азіяцкае скарбніцы-без пасрэднікаў. Вялікія мораплавальнікі Барэнц і Гемскерк шукалі новае дарогі ў Індыю праз Паўночнае мора, уздоўж берагоў Скандынавіі ды Сыбіру, але дабраліся толькі да Шпіцбэргену. А Корнэль Гутман скіраваўся па дарозе, па якой звычайна плавалі Португальцы, і паказаў сваім родзічам дарогу ў Індыю (1595). У 1602 годзе аканчальна наладзілася вялікая голядзка-індыйская компанія, якая засела на востр. Яве і адтуль адразу-ж распачала змаганьне з Португальцамі.
Ня споўніліся лятуцéньні Піліпа ІІ аб панаваньні над сьветам. Памёр ён, страціўшы ахвоту да жыцьця, змучаны хваробаю, пасьля 40-гадовага панаваньня, якое было для яго адной паласою няўдач і мучэньняў для ягоных падданых.