Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

4. Вадзяныя гéзы ў Брызлі; аблога Лéйдэна (1572—1574). Тысячы Нідэрляндцаў уцяклі ад прасьледаваньняў Альбы на мора. Адтуль яны імсьціліся над Гішпанцамі, нападаючы, як корсары, на іхнія караблі. Падтрымліваў і падахвочаваў іх нязмораны кн. Оранскі. Даўгі час гэтыя вадзяныя ці марскія гéзы знаходзілі сабе бясьпечны прытулак у англійскіх портах, аж пакуль каролева Альжбета, якой з гэтае прычыны пагражала вайна з Альбаю, не закрыла для іх усé свае порты. Прыціснутыя голадам, гéзы захапілі малы голяндзкі порт Брыэль, і ўсе стараньні Альбы выкінуць іх адтуль былі дарэмныя.

Здабыўшы такім спосабам пункт апоры, паўстаньне, як маланка, пашырылася ў Голяндыі, Зэляндыі і ўсіх іншых паўночных провінцыях, дзе кальвінізм запусьціў моцныя карані. Вільгельм Оранскі зьвязаўся з паўстанцамі, а тыя прызналі яго за адзінага правамочнага намесьніка Піліпа ІІ; яны хацелі тады яшчэ рабіць від, што выступаюць ня проці Піліпа, але проці Альбы. Ня гледзячы на свае жорсткасьці, Альба ўжо ня мог усьмірыць паўстаньня, і Піліп ІІ яго адклікаў. Адыходзячы, Альба хваліўся, што за час свайго ўрадаваньня ў Нідэрляндах ён пазбавіў жыцьця 18.000 гэрэтыкоў, ня лічучы яшчэ вялікшае лічбы пазабіваных яго жаўнéрамі ў бітвах, за малыя правіны дый проста дзеля ўласнае прыемнасьці.

Наступнік Альбы, Гішпанец Рэквэзэнс, абяцаў, што бунтаўніком будзе ўсё даравана, калі зракуцца сваіх вольнасьцяў і веры. Але за што-ж тыя змагаліся? Дык і далей адбываліся крывавыя бітвы. Рэквэзэнс з сваймі дазнанымі Гішпанцамі перамагаў кн. Оранскага ў адкрытым полі; але грамадзяне паўстанскіх местаў давалі яму такі адпор, што ён быў вельмі зьдзіўлены. Перад маім прыбыцьцем, пісаў ён да караля, не разумеў я, скуль бунтаўнікі могуць узяць такія значныя флëты, тады як Вашая Каралеўская Міласьць ня можа сабраць ні аднаго. Відаць, людзі, якія змагаюцца за сваё жыцьцё, сваю ўласную хату і за сваю фальшывую веру, адным словам, за сваю ўласную справу, здаволіваюцца толькі харчамі, а платы не патрабуюць".

Найпрыгажэйшым прыкладам гэройства можна лічыць самаабарону места Лéйдэна, якое было абложана вялізарнай сілаю Гішпанцаў. У абложаным месьце панавала страшэнная бяда, тысячы паміралі з голаду і пошасьці, а Вільгэльм Оранскі ня мéў сухазéмнага войска, каб даць помач. Тады голяндцы раскапалі грэблі, што баранілі нізкія берагі ў ваколіцах мéста ад марскіх хваляў. Але некалькі тыдняў вéцер дзьмуў у другі бок і стрымліваў мора. Урэшце кірунак ветру зьмяніўся, хвалі акеану зашумелі на палёх і сена-